04.07.2017
Турыстычны гід па Беларусі VETLIVA стварыў гайд па прыгожых месцах беларускіх гарадоў, куды можна дабрацца на веласіпедзе. Ужо было праведзена 5 велаэкпедацый па Гомелі, Магілёве, Віцебску, Мінску, Гродна і сёння ў нас Брэст.
Вось і апошні горад у нашай веласіпеднай экспедыцыі. Для аматараў лічбаў адзначым, што за час нашых паездак мы ўжо пераадолелі амаль 190 кіламетраў. Спадзяемся, вам таксама цікава чытаць нашы матэрыялы, як і нам рабіць іх для вас.
Сёння свае ўлюбёныя месцы паказвае Дзіма - дырэктар студыі дызайну fajnodesign.by і актыўны велалюбіцель. Дзіма - апошні гід у нашай экспедыцыі, і менавіта ён завяршае нашу паездку па Беларусі.
Непасрэдна на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці катацца забаронена. Спешвайцеся і паважайце іншых! На тэрыторыі за гэтым сочыць міліцыянер.
Цікавы факт: для будаўніцтва гэтага мемарыяльнага комплексу не вылучаліся ніякія бюджэтныя сродкі. Усё будаўніцтва ўзводзілася выключна за кошт ахвяраванняў грамадзян.
Пачатак будаўніцтва крэпасці быў пакладзены ў 1833 годзе. Тады ж тут быў пабудаваны і Брэсцкі замак. Першапачаткова будынкі ўяўлялі сабою земляныя ўмацаванні часовага характару. Першы камень быў закладзены праз тры гады. А ўжо ў 1842 годзе будаўніцтва крэпасці і замка было цалкам скончана. Перад позіркамі назіральнікаў адкрываліся крэпасць і тры ўмацаванні, якія баранілі яе. Цытадэль уяўляла сабою замкнёную двухпавярховую жаўнерню і размяшчалася практычна на двух кіламетрах. Шырыня сцяны была вельмі тоўстай - 2 метры. Менавіта гэта рабіла крэпасць максімальна цяжкадаступнай для суперніка. На той час, ды і цяпер, гэта былі велічныя і манументальныя збудаванні.
Таксама на тэрыторыі крэпасці знаходзіцца Музей гісторыі Брэста "Бярэсце".
Цікавы факт: каб зрабіць фота ўнутры музея, трэба заплаціць 75 капеек, а відэаздымка абыйдзецца Вам у 6 рублёў, таму нікому не кажыце, што вы жадаеце здымаць відэа - касір на вока не зможа вызначыць, дзе фота, а дзе відэакамера.
Вось як ён выглядае знутры. Па крузе размешчана экспазіцыя гісторыі Брэста, а ў цэнтры знаходзяцца раскапаныя старыя збудаванні.
Адкрыццё музея адбылося ў 1982 г. на месцы археалагічных раскопак у Брэсцкай вобласці. Кіраўніком раскопак з 1968 г. быў доктар гістарычных навук Пётр Фёдаравіч Лысенка. Экспазіцыя музея прадстаўлена 43 тысячамі экспанатаў, шматлікія з якіх даступныя для прагляду турыстаў.
Савет Міністраў БССР у свой час прыняў дакладнае рашэнне і абвясціў тэрыторыю Брэсцкай крэпасці запаведнікам, які мае культурную і археалагічную каштоўнасць для нашай краіны.
Добра пабадзяўшыся па крэпасці і па яе руінах, мы вырашылі рухацца далей.
Як заўсёды, мы загаварылі пра велаінфраструктуру. Калі вельмі каротка, то яна практычна адсутнічае. Толькі ў новых спальных раёнах яна з'явілася. І тая, што ёсць, выклікае ўсмешку.
Па дарозе нам патрапіла вуліца са старымі хатамі. Яе назва - вуліца Леванеўскага. Дзіма распавёў, што такіх хат і вуліц раней было шмат. Абяцалі акуратна перанесці і захаваць, але дзе цяпер знаходзяцца перанесеныя хаты невядома. Мабыць, увогуле зніклі. Тут жа можна ўбачыць прама на вуліцы стары міліцэйскі масквіч.
З Леванеўскага мы звярнулі ў парк адпачынку. Месца не абсталявана для прагулак на веласіпедзе, але вельмі добра падыходзіць для спартсменаў і заняткаў ёгай. Мяккія дарожкі і маленькая рачулка з качкамі.
Наступнай кропкай у маршруце быў вяслярны канал, дарога да яго будзе доўгай, але, як сказаў Дзіма - "гэта варта таго".
Ужо праз пару хвілін зусім выпадкова мы патрапілі да Свята-Мікалаеўскай царквы. Поруч з ёй таксама размяшчаецца будынак універсітэта імя Пушкіна, і ён цікавы па-свойму.
У цэнтры Брэста, на вуліцы Савецкай, знаходзіцца Свята-Мікалаеўская братэрская царква. У канцы XIX стагоддзя назва вуліцы была іншай, а храм ужо стаяў - тады яшчэ драўляны. Але праклён усіх драўляных гарадскіх пабудоў - пажар - сцёр яго з твару зямлі. Было прынята рашэнне пра будаўніцтва каменнага храма. Падтрымаў гэту ідэю і нямала паспрыяў будаўніцтву тагачасны губернатар П.А. Сталыпін.
Затым наш шлях ляжаў праз пешаходную вуліцу ўбок новых мікрараёнаў. Як растлумачыў Дзіма, ён любіць бываць на вяслярным канале, таму што гэта выдатнае месца, каб пагаварыць з сябрамі, якіх ты даўно не бачыў.
Падчас нашага візіту на канале трэніраваліся спартсмены, і ўжо пачынала садзіцца сонца. Ад гэтага фатаздымкі станавіліся яшчэ лепш.
Праехаўшы 6 гарадоў і вытрымаўшы магілёўскі бруд, тармазы нашага веласіпеда ўжо выдавалі гукі, і наогул усе механізмы трэба было падмазаць. GPS-трэкер паказаў, што гэта ўжо 180-ты кіламетр нашага шляху, і гэта значыла, што хутка наша экспедыцыя па гарадах Беларусі падыдзе да канца.
Падзьмуў вецер, і неяк адразу ачысціліся думкі, усе клопаты забыліся.
Тут можна і на лыжах, і на веласіпедзе сябе добра адчуваць. А яшчэ можна з веслярамі патрэніравацца на хуткасць і цягавітасць, калі ў вас, канешне, атрымаецца іх дагнаць.
Мы спешыліся і селі на бераг, прама на траву, каб сустрэць заход і паставіць прыгожую кропку ў нашай велаэкспедыцыі па Беларусі. Нагадаю, што за плячамі ў нас ужо 6 гарадоў: Гомель, Магілёў, Віцебск, іенск, Гародня і Брэст. Вялікі дзякуй усім нашым гідам. Гэта была добрая прыгода.
1
2...
487