Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі»
Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі»
16.12.2020 Дудзічы
Гісторыя стварэння музея
Вам даводзілася каваць нешта, акрамя ўласнага шчасця? Напрыклад, падкову, сапраўдную, нязломную, з яркага гарачага металу. Не? У такім разе вам трэба сюды, у Дудуткі.
Калі афіцыйна, «Дудуткі» - гэта Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій ў 40 кіламетрах ад Мінска. А калі па сутнасці, то цэлы свет прафесій, навыкаў і даўніны сярод выдатнай беларускай прыроды, дзе сабрана дзевяць майстэрняў, млын, храм, пякарня, бровар, дзясяткі свойскіх жывёлаў, старыя аўтамабілі і шмат чаго яшчэ. Усё гэта страшэнна цікавае і гарантуе мора эмоцый!
Даўным-даўно, чатырыста гадоў таму, тут стаяў шляхецкі маёнтак. У XVIII стагоддзі Дудзічы праславіліся сваімі кірмашамі і святамі. А ў 1994-м Яўген Будзінас, беларускі журналіст і прадпрымальнік, пабудаваў тут музей пад адкрытым небам. Дакладней, цэлае сяло-музей, у якім кожны дом - асобная майстэрня, выставачная зала або старажытная страўня, дзе раскажуць, пакажуць, навучаць і дадуць пакаштаваць.
Вуліца майстроў
Галоўная «магістраль» сяла - Вуліца майстроў. На ёй майстэрні, адна з якіх ганчарная. Вядома, што на тэрыторыі Беларусі ганчарная справа была асвоеная з пракаветных часоў, яшчэ да нашай эры. Найвышэйшага ўзроўню ганчарства дасягнула пры канцы XVII стагоддзя. Працы тагачасных прафесіяналаў нават вывозілі за мяжу, такія яны былі якасныя і прыгожыя. Наш сучаснік, ганчар XXI стагоддзя, у сённяшніх Дудутках пакажа вам цудоўныя метамарфозы на ганчарным крузе - ператворыць кавалак гліны ў сапраўдны збан. А заадно раскажа пра мудрагелі свайго рамяства і згуляе на самаробнай глінянай свістульцы.
Далей вуліца вядзе да майстэрні, дзе ўтаймоўваюць драўніну. Ужо ў XII стагоддзі беларусы валодалі ўсімі спосабамі апрацоўкі дрэва: разьба, сталярства, такарны станок. А як інакш? З драўніны рабілі ўсё - і тое, чым елі, і тое, на чым сядзелі, у чым дзяцей закалыхвалі, дзе жылі і дзе маліліся. Гаспадар сучаснай майстэрні пакажа, колькі рознай прыгажосці можна зрабіць рукамі з таго, што расце ў Беларусі паўсюль.
У канцы вуліцы месціцца кузня. Ва ўсе часы каваль быў паважаным чалавекам. Тут не толькі майстэрства неабходнае, але і сіла, і талент пэўны, і ўменне пасябраваць з агнём і металам. Сапраўдны дудуткінскі майстар не толькі пра ўсё гэта раскажа, але і дапаможа вам выкаваць тую самую падкову, сваю. Па-сапраўднаму, па-даросламу, малатком па зыркім і гнуткім метале. На шчасце.
На Вуліцы майстроў прыжыліся розныя рамёствы. Там і з саломкі плятуць, і ткуць, і хлеб пякуць, і сыр вараць, і нават гоняць самагон. І ўсё гэта дэманструюць. І пра ўсё падрабязна распавядаюць. І паспытаць даюць. І прадаюць, калі пажадаеце.
Што яшчэ паглядзець у Дудутках?
Аднак жа не толькі рамёствамі слаўны гэты музейны востраў сярод беларускіх палёў. У Дудутках ёсць яшчэ і ферма, а на ферме той каго толькі няма! Дзікі і кабанчыкі. Козы, авечкі і алені. А яшчэ фазаны, паўліны, цацаркі і ўсюдыісныя куры. Нават страусы разгульваюць па прасторным вальеры. Яны, вядома, інтэлектам не абцяжараныя, але памерамі ўражваюць. А яшчэ ёсць стайня з завадскімі коньмі, на якіх можна праехаць вершкі або ў вазку, ўсёй вясёлай кампаніяй.
У Дудутках водзяцца не толькі жывыя коні, але і жалезныя - цэлы рэтра-салон з аўтапаркам старых аўтамабіляў. А яшчэ і аэрадром ёсць! Лёгкаматорныя Як-52, Cessna, Ikarus пакажуць вам зямлю з вышыні птушынага палёту.
Акрамя гэткіх разнастайнасці і багацця, у Дудуткі вабіць завітаць яшчэ і выдатная прырода. Вы цэлы дзень на свежым паветры сярод прыгажосці. Нагуляўшыся, наслухаўшыся, наглядзеўшыся, можна расслабіцца, накупіць прысмакаў, сесці ва ўтульнай альтанцы і любавацца пейзажам, каб атрымаць асалоду напоўніцу. І потым ніколі ўжо не забыцца на гэты дзень.
А падкову, так, яе трэба прывезці дадому і павесіць над дзвярыма. Тады шчасце дакладна прыйдзе. Нават прыбяжыць. Але пачатак яго - у Дудутках.
ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!
Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.
Чытайце таксама
Роля здраўніц у аздараўленні падчас пандэміі COVID-19
Візітная картка Мінску: Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Хатынь - месца для таго, каб памяталі

