Хатынь - месца для таго, каб памяталі

08.12.2020

Месца, пра якое ведаюць усе.
Месца, у якім загінулі ўсе. 
Месца, якое для таго, каб памяталі ўсе.

Гісторыя стварэння праекта 

Хатынь1.jpg

Увесну 1967 у БССР быў абвешчаны конкурс на стварэнне праекта мемарыяльнага комплексу Хатынь. У памяць пра сотні беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі падчас Вялікай айчыннай вайны, у памяць пра 2 230 000 загінулых беларусаў.

Удзельнікаў конкурсу прывезлі на тое месца, дзе не стала вёскі Хатынь - 22 сакавіка 1943 года карны атрад спаліў яе разам з усімі жыхарамі. 149 чалавек. 75 дзяцей. Жыўцом.

Там, за 50 кіламетраў ад Мінску, архітэктары павінны былі сустрэцца зь Язэпам Камінскім, адзіным дарослым, які выжыў тады. А яшчэ - агледзецца, прасякнуцца, адчуць ...

Зарослае поле, сведка той трагедыі, маўчала. У цішыні звінелі толькі птушыныя галасы - пошчак жаўрукоў, нібы душы загінулых дзяцей, якія ніколі пасталелі ... Ад гэтых песень нарадзілася ідэя гуку, ідэя званоў, перазвону, які мусіў зрабіць мемарыял жывым. Так з'явіўся праект архітэктараў Ю. Градава, В. Занковіча, Л. Левіна. Ён перамог не толькі ў конкурсе. Ён перамог час.

Памяць і боль Хатыні

Хатынь2.jpg

Кожны метр, кожны крок, кожны манумент у Хатыні поўны памяці і сэнсаў. Былыя вуліцы вёскі - шэрыя, колеру попелу бетонныя пліты. Кожны дом - светлы зруб з абеліскам, нібыта абгарэлым комінам. І ў кожнага адкрытая брамка, сімвал гасціннасці. І над кожным - звон, сімвал жыцця. 26 згарэлых дамоў. 26 званоў спяваюць свой рэквіем кожныя 30 секунд - у цішыні маляўнічай Лагойшчыны плача іх сумны перазвон.

У цэнтры Хатыні хлеў, дзе палілі людзей, - пара чорных гранітных плітаў, як павалены дах. Ад хлява - белая мармуровая дарожка, дарога жыцця, на якой шукалі выратавання людзі. Яны беглі ад агню. Іх даганялі кулі.

У канцы дарогі адзіная скульптура мемарыяла - няскораны чалавек. Цудам ацалелы 56-гадовы Іосіф Камінскі, які апрытомнеў, калі карны атрад ужо з'ехаў. Ён адшукаў свайго сына, смяротна параненага, падняў на рукі ... І застыў навек.

Шлях да Хатыні

Хатынь3.jpg

Мемарыял Хатынь наведалі дзясяткі мільёнаў чалавек з розных краінаў. Ён адзіны ў свеце захоўвае памяць пра тую геаграфію, якой няма на карце. Там могілкі вёсак, дзе 185 магіл. 185 скамянелых языкоў полымя. Кожны з іх - неадроджаная беларуская вёска, знішчаная агнём разам з людзьмі. 186-я - сама Хатынь.

Многія з вёсак спальвалі два, тры, чатыры разы ... Шмат з іх адрадзіліся - яны ўвекавечаныя на сімвалічных дрэвах жыцця. Замест лісця там шыльды з назвамі - 433 населеныя пункты. Іх таксама знішчылі разам з жыхарамі, але яны былі адноўленыя пасля вайны. Ужо іншымі людзьмі.

Гісторыя маленькай вёскі Хатынь падобная да вялікай гісторыі ўсёй Беларусі, якая страціла ў той вайне кожнага чацвёртага. Пра гэта гарачая песня вечнага агню, што паўстагоддзі гарыць паміж трох бяроз - тры жыцці і адна загінулая душа.

Знайсці Хатынь лёгка, заблудзіцца немагчыма - шлях утаптаны мільёнамі, што прайшлі дарогай дзясяткаў, згарэлых жыўцом.

Хатынь - духоўная візітоўка Беларусі. Месца пакаяння, прымірэння і памяці. Месца, дзе адчуваюць і спачуваюць. І становяцца лепш. І цяпер, і заўтра, і заўсёды.

Відэа

ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!

Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.


Вярнуцца да спісу

Cannot find 'tours' template with page ''