Падвесныя масты ў Вілейцы

Неверагодная прыгажосць, рамантыка і трохі адрэналіну — гэта «лунаючыя дарогі», ці падвесныя масты ў Вілейскім раёне. Яны размешчаны ў вёсках Войдзені, Набярэжная і Ручыца. Разам з ракой Нарачанкай, старажытнай сажалкай і руінамі маёнтка Агінскіх гэта асноўныя славутасці.

Ручыца

Адгэтуль ад Вілейкі каля 10 км. У гэтай вёсачцы засталіся дачнікі і некалькі мясцовых жыхароў. На ўездзе вы ўбачыце царкву Прачыстай Найсвяцейшай Багародзіцы і ўсё, што ацалела ад велічнай летняй рэзідэнцыі Агінскіх. У 1943 вёска была спалена, маёнтак разбураны.

Калі вас цікавяць падвесныя масты ў Беларусі, абавязкова сюды прыязджайце. Літаральна ў 500 м ад капліцы вы ўбачыце аўтэнтычны драўляны мост, па якім можна перайсці ў суседнюю вёску Красніцу. Асцярожна: калі зробіце першыя крокі, канструкцыя будзе злёгку пагойдвацца.

Войдзені

Гэта вёска можа стаць наступным пунктам прызначэння. Сюды ад Ручыцы ўсяго толькі 4 км. Калі скончыцца асфальтаваная дарога, вы ўбачыце сцяжынку, якая вядзе ў густую зеляніну.

Там і знаходзіцца падвесны мост праз Нарачанку, пабудаваны ў 80-я. Перайсці па ім адважыцца не кожны. Парэнчы тут нахіліліся, таму трымацца практычна няма за што. Каб дабрацца да наступнай «лунаючай дарогі», ідзіце 3 км уздоўж процілеглага берага.

Набярэжная

У гэтай вёсачцы хаты размешчаны паабапал абодвух бакоў ракі. Карэнныя жыхары, якіх можна пералічыць па пальцах адной рукі, ходзяць адзін да аднаго ў госці па пешаходным падвесным масце, чыя гісторыя пачалася вельмі даўно. Дарэчы, ён у добрым стане, з аднаго боку ёсць устойлівыя парэнчы. Вы ўбачыце, як Нарачанка віляе ў маляўнічых каньёнах, і палюбуецеся прыгожымі наваколлямі.

Ну а калі захочаце прагуляцца па самым доўгім падвесным масце ў Беларусі, адпраўляйцеся ў Масты. Яго даўжыня — больш за 193 м, шырыня — 1,5 м. Ён быў пабудаваны ў 1972 годзе замест пантоннага моста. У 90-я гады тут замянілі трасы і парэнчы.

Іншыя славутасці Вілейкі

Нельга пабываць у гэтым горадзе і не ўбачыць Крыжаўзвіжанскі касцёл з рысамі готыкі, будаўніцтва якога пачалося ў 1906 годзе. А яшчэ зазірніце ў краязнаўчы музей і адпачніце на беразе Вілейскага вадасховішча — самага вялікага штучнага вадаёма ў Беларусі. Пра іншыя нязведаныя аб'екты, акрамя падвесных мастоў праз рэкі, чытайце ў блогу.

А каб зрабіць як мага больш адкрыццяў падчас вандроўкі, забраніруйце экскурсію ці тур. Разам з гідамі VETLIVA вы наведаеце як самыя папулярныя, так і малавядомыя, але не меней каларытныя месцы. 

Фота: mlyn.by