Падвесны мост: дзіўная славутасць у Мастах

Падвесны, ці вісячы мост — канструкцыя, якая практычна цалкам складаецца з гнуткіх элементаў. Асноўная пешаходная ці праезная частка падвешваецца на спецыяльных кабелях, ланцугах ці трывалых трасах. Нягледзячы на тое, што канструкцыя здаецца крыху хісткай, падвесныя мосты карыстаюцца папулярнасцю. Іх будуюць усюды, таму што выглядаюць такія канструкцыі гарманічна і грацыёзна.

Ці ведаеце вы, што ўбачыць падвесны мост можна і ў Беларусі? Пры гэтым зусім не абавязкова ляцець за акіян у Сан-Францыска. Вядома, падвесны мост у Мастах (горад размешчаны ў Гродзенскай вобласці Беларусі) далёка не такі маштабны, і ўсё ж з'яўляецца адной з галоўных прычын, якая прыцягвае турыстаў у гэта невялікае мястэчка Гродзеншчыны.

Гісторыя падвеснага моста ў Мастах

Назва ў мястэчка кажа сама за сябе: менавіта тут наканавана было з'явіцца самаму доўгаму падвеснаму мосту ў Беларусі. Яго даўжыня — больш за 190 метраў, пры гэтым шырыня пешаходнай часткі складае паўтара метра. Нёман дзеліць райцэнтр напалам, менавіта таму тут так шмат перапраў абсалютна розных формаў і памераў. Але бясспрэчным лідарам сярод іх і сапраўднай візітнай карткай Мастоў з'яўляецца падвесны мост.

Гісторыя гэтай славутасці Беларусі пачалася ў 1972 годзе. Аўтар ідэі — Яўген Радкевіч, які ў тыя часы быў генеральным дырэктарам «Мастадрэва» і прыклаў руку да будаўніцтва перапраў праз горныя рэкі ў Сібіры і Азіі. Мастаўчане мелі патрэбу ў новым мосце: да яго з'яўлення пераправа праз Нёман ажыццяўлялася з дапамогай лодак і пантоннага моста, што, згадзіцеся, не так зручна, як стацыянарная канструкцыя. Таму Радкевіч і вырашыў прыкласці ўсе намаганні для ўвасаблення сваёй задумы ў жыццё.

Стварэнне праекта моста заняло паўтара месяца. Калі былі гатовыя чарцяжы, Яўген Радкевіч сам адправіўся да сакратара райкама партыі, каб іх зацвердзіць. Неўзабаве на будаўніцтва было дадзена дабро. Ужо ўзімку 1973, калі Нёман быў скаваны лёдам,  мост упершыню сабралі і ўсталявалі над ракой. Яго ўвялі ў эксплуатацыю ў перадпачатку лета, пасля шматлікіх выпрабаванняў.

Чаканне капітальнага рамонту падвеснага моста

Канструкцыя, цешачы мастаўчан, прастаяла 21 год. Аднак, як і любому мосту падобнага плану, яму быў неабходны капітальны рамонт. Было вырашана перасячы канаты, на якіх ён трымаўся: патрэбная для рамонту сума — 5 мільярдаў беларускіх рублёў — здавалася неймавернай на той момант, і сабраць яе своечасова не змаглі.

Тады за мастоўскую славутасць уступіўся старшыня райвыканкама Аляксандр Апалонік. Ён замовіў слова пра захаванне унікальнай канструкцыі перад старшынёй Саўміна Станіславам Брылем, калі той з працоўным візітам наведваў Масты. І яго просьбу пачулі. Мост рамантавалі на працягу паўгода: ён стаў вышэй і мацней, драўляны насціл і трасы замянілі новымі. Мастаўчане нават жартуюць з гэтай нагоды: з-за трываласці яны пазбавіліся адной з любімых забаў — разгойдвання моста. Асабліва гэтым любілі займацца хлопцы, калі прагульваліся па ім з дзяўчынамі на высокіх абцасах. Колькі было віску, калі яны хапаліся за парэнчы, каб не зваліцца!

Апошні рамонт праводзіўся тут у 2011 годзе, і з тых часоў падвесны мост у Мастах знаходзіцца ў вядзенні камунальных службаў горада.

Візітная картка Мастоў у наш час

Зараз Масты немагчыма прадставіць без унікальнага моста. Апроч свайго прамога прызначэння — аб'яднання двух берагоў Нёмана — ён нямала значыць для людзей як культурны аб'ект. Па ім любяць прагульвацца мясцовыя жыхары, на ім абавязкова фатаграфуюцца госці горада. І гэтак жа, як і 45 гадоў таму, на ім прынята прызнавацца ў каханні. Падарожнічаючы па Гродзеншчыне, абавязкова зазірніце сюды: дзе яшчэ ўбачыш цудоўны падвесны мост праз адну з самых прыгожых рэк Беларусі!