Сядзібна-паркавы комплекс графаў Пуслоўскіх

Росквіт Палацава – паркавага ансамбля ў Пясках прыйшоўся на канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стст., калі гаспадаром тутэйшага маёнтка быў Войцех Пуслоўскі-уладальнік прамысловых мануфактур і маршалак шляхты (правадыр дваранства) Слонімскага павета.
Сядзіба размешчана на роўнай тэрасе возера Чорнае. Цэнтральнае становішча ў ёй займаў палац, размешчаны сярод парку. Палац меў багаты збор карцін пэндзля айчынных і замежных мастакоў, архіў, бібліятэку ў асноўным французскіх і польскіх выданняў, збор старажытных рукапісаў, калекцыю зброі.
Цудоўны палац загінуў у полымі пажару ў 1843 годзе.
Тады пад сядзібны дом перабудавалі старую стайню, перавёўшы сюды сякія-такія Выратаваныя каштоўнасці: карціны, зброя, дываны. Ацалелі яшчэ адна стайня, бровар, а таксама вялікі парк з экзатычнымі дрэвамі, якія глядзелі ў цёмныя вады глыбокага Чорнага возера.
Уезды ў сядзібу былі фіксаваны брамамі. Брама ўтворана двума высокімі цыліндрычнымі вежамі з зубчастым завяршэннем, паміж якімі аформлены арачны праезд з зубчастым атыкам. Брама мае багаты неагатычны дэкор: шчыліны-байніцы, нішы, рэльефныя крыжы.
Заходні ўезд у сядзібу таксама меў браму, пабудаваную ў іншых формах. Яна меншых памераў і не мела вежаў. Пазней была перароблена пад краму, у сувязі, з чым арачны праезд замуравалі. Унутры будынак падзелены на тры камеры: сярэдняя з іх, якая служыла ў мінулым праезнай часткай, мела востры неагатычны арачны звод. Цяпер збудаванне мае выгляд руін. Ад брамы да сядзібнага дома ўздоўж дарогі цягнуліся рабаткі з кветкавымі раслінамі.
Парк займаў цэнтральную і паўднёвую частку сядзібы. Ён уяўляў сабой натуральны ландшафт, некалькі перайначаны чалавекам. Тут хадзілі паўліны, цацаркі, у вальеры утрымліваўся Арол. З заходняга боку парк аддзяляўся ад саду лінейнай пасадкай лістоўніцы, граба, вяза гладкага і алешыны чорнай.
У Першую сусветную вайну будынкі былога класіцыстычнага двара згарэлі або былі разабраны. Захаваліся сядзібны дом, спіртзавод (бровар), Паўночная і паўднёвая брама, а таксама добра захавалася частка парку, закладзеная былымі ўладальнікамі сядзібнага комплексу.

Тэлефон для сувязі: +3751643 3 48 96