Сядзіба Мержыеўскіх у вёсцы Грозаў

У вёсцы Грозаў ужо шмат стагоддзяў захоўвае ў сабе вялікую таямніцу сядзіба старадаўняга роду Мержыеўскіх. Цяпер будынак сядзібы пустуе, але, тым не менш, яна мае сваю непаўторную, непадобную ні на якую іншую, гісторыю. У гістарычных дакументах пра яе напісана вельмі мала, таму звесткi збіраліся па крупінках.

Маленькая вёска Грозаў, або Грозава, як можна яшчэ сустрэць у літаратуры, шмат разоў за сваё існаванне мяняла гаспадароў. Вядома яна з першай паловы XVI стагоддзя і належала спачатку роду Алелькавічаў, потым Радзівілам, следам за імі - Незабутаўскім. Толькі з канца XVII стагоддзя яна набыла статус мястэчка, а ў канцы XX стагоддзя перайшла ў валоданне Мержыеўскіх, якія і сталі будаваць там сваю сядзібу.

Дом размяшчаўся ў самым цэнтры прыгажэйшага парка і меў проставугольную форму. Уваход у яго ўпрыгожвалі дзве калоны, на якіх стаялі вялізныя прыгожыя вазы. На жаль, яны не захаваліся да гэтага часу. Кажуць, што, будучы сапраўдным аматарам ружаў, памешчык Мержыеўскі высаджваў у вазах самыя экзатычныя і рэдкія іх віды, што надавала ўваходу ў дом неверагодную прыгажосць.

З паўночнага боку будынка быў размешчаны невялічкі парк, у якім раслі розныя віды дрэў і кустоў. Па большай частцы яны былі проста ліставымі, таму рассаджваліся з паўночнага боку дома, бо такога тыпу дрэвы непатрабавальныя да надвор'я. У гэтай жа частцы парку быў пабудаваны аднапавярховы будынак, які служыў зімовым садам і аранжарэяй. На лета расліны выносіліся на вуліцу і стваралі ў парку не толькі неверагодную прыгажосць, але і разносілі па парку пахучы прыемны водар.

У парку таксама былі два невялікіх вадаёма, якія да нашага часу не захаваліся. Ад дома да іх вялі прыгожыя сцежкі. Сядзібны дом размяшчаўся на ўзвышшы, таму дарожкі да вадаёма нагадвалі спускі, якія з абодвух бакоў былі абсаджаны ліпамі і барбарысамі. Можна толькі ўявіць, які прыемны водар насычаў паветра ў цёплы час года!

У гады вайны сядзібу напаткала вялікая бяда: палац быў спалены дашчэнту. Ад яго засталіся толькі падвалы, з якіх і пачаліся работы па аднаўленні ў 1952 годзе.

З прыходам савецкай улады і да 1975 года ў гэтым будынку размяшчалася школа, затым інтэрнат. Зараз мы можам убачыць на месцы некал ішыкоўнай сядзібы толькі руіны, на якіх нават не вядуцца работы па рэканструкцыі. Парк i вадаём да нашага часу не захавалiся.

Ёсць версія, што ў 2000-х гадах будынак быў прададзены на аўкцыёне за вельмі смешныя на той час грошы. Меркавалася, што сядзіба будзе адноўлена, а дом набудзе свой першапачатковы выгляд. У ім хацелі адкрыць базу адпачынку. Аднак работы па рэканструкцыі скончыліся толькі тым, што будынак абнеслі будаўнічымі лясамі.

Цяпер сядзіба пустуе. Турыстам, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі, проста неабходна наведаць гэта месца, акунуцца ў часы жыцця Мержыеўскіх, уявіць сабе іх побыт і ўклад жыцця, ацаніць атмасферу даўніны.