Сядзіба Герардаў у Дзям’янках

26 красавіка 1986 года адбылася адна з самых страшных тэхнагенных катастроф дваццатага стагоддзя — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яна пакінула пасля сябе забруджаныя зоны адчужэння, вёскі, пакінутыя жыхарамі, у якіх і дагэтуль можна знайсці цуды архітэктуры. Адным з такіх унікальных помнікаў з'яўляецца сядзіба Герардаў у вёсцы Дзям'янкі Гомельскай вобласці.

Дзям'янкі і сядзіба Герардаў: старонкі гісторыі

Невялікая вёска, у якой знаходзіцца гэта славутасць Беларусі, знаходзіцца на поўначы Добрушскага раёна (у 21 км ад Добруша і ў 49 км ад Гомеля). Здавалася б, такая невялікая адлегласць аддзяляе Дзям'янкі ад абласнога цэнтра, а патрапіць сюды можна толькі па спецыяльных прапусках: вёска знаходзіцца ў зоне, заражанай радыяцыяй. Калі вы вырашыце наведаць зону адчужэння на свой страх і рызыку — вас абавязкова спыняць на міліцэйскім КПП.

Сваю гісторыю вёска Дзям'янкі пачала даўно, яшчэ ў XVI стагоддзі. Зразумела, што ў тыя часы нішто не прадвяшчала цяперашняга запусцення, нават наадварот. Да 1884 года ў населеным пункце былі два вятракі, свой бровар, хлебазапасная крама. Тады ж з'явілася і сядзіба, якая належала Мікалаю Мікалаевічу Герарду — значнаму расійскаму дзяржаўнаму дзеячу, які ў 1905-08 гадах быў генерал-губернатарам Фінляндыі.

Лёс Дзям’янак не вельмі адрозніваўся ад шматлікіх іншых населеных пунктаў Беларусі:

  • у 1909 годзе тут згарэла 36 двароў,

  • у 1929 годзе былі арганізаваны калгасы «Молат» і «Піянер»,

  • са жніўня 1941 года па 28 верасня 1943 года вёска знаходзілася пад акупацыяй (у баях за вёску загінула 136 савецкіх салдатаў і ў іх гонар на ўскраіне Дзям’янак усталявана стэла),

  • у 1962 годзе да вёскі далучана мястэчка Нізок, затым сюды перасяліліся жыхары вёскі Пчолка (1974 г.),

  • пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі былі расселены.

Цікавы факт ад VETLIVA: Дзям'янкі хоць і абязлюдзелі, ды не зусім. Некалькі жыхароў вярнуліся сюды на свой страх і рызыку, працягваючы жыць у роднай вёсцы.

Сядзіба Герардаў: славутасць Добруша ў псеўдарускім стылі

У 1876 годзе, як мы ўжо згадвалі вышэй, гаспадаром Дзям’янак стаў Мікалай Герард. У канцы стагоддзя на правым беразе ракі Іпуць быў узведзены вялікі будынак з цэглы. Стыль — псеўдарускі з элементамі мадэрну. Агульная плошча маёнтка — 7 гектараў (разам з маляўнічым паркам, якім некалі была акружана сядзібу Герардаў). Яго ўнікальнасць заключана ва двух'яруснай планоўцы: сам будынак знаходзіцца на ўзвышэнні, у асяроддзі верхняга парку, а да ніжняга яруса вяла спецыяльная лесвіца. Горкі каштан, каласістая ірга, татарскі бружмель, чорная сасна, вастралісты клён Шведлера — вось толькі малая частка экзатычных раслін, які тут растуць і дагэтуль.

Цікавы факт ад VETLIVA: сапраўдным упрыгожваннем комплексу з'яўляецца чатырохарачны мост. Няхай і паўразбураны, ён вылядае арганічна і вельмі хораша. Дарэчы, у Беларусі ёсць і іншыя, не меней дзіўныя масты: разводны ў Варнянах і падвесны ў Мастах.

Будынак сядзібы ўяўляе сабою масіўны двухпавярховы дом. 

Ён выглядае хораша і незвычайна:

  • на высокім цокальным паверсе,

  • з чатырохвугольнай вежкай, упрыгожанай зубцамі,

  • мае невялікі бакавы аб'ём і веранду,

  • на сценах і вокнах дэкор у старажытнарускім стылі.  

Шкада, што ад былой велічы цяпер мала што засталося. Вокны закладзены цэглай, аднак зайсці ўнутр можна. Прастору праразае шырокі калідор з аркавымі столямі, які ўпіраецца ў прыгожую, выдатна захаваную кованую лесвіцу. Трохі фантазіі, і можна прадставіць, як шляхетныя дамы, шастаючы пышнымі спадніцамі, паднімаліся па ёй падчас урачыстых прыёмаў…

Цікавы факт ад VETLIVA: дарэчы, пра лесвіцы. Ходзяць чуткі, што ў Косаўскім замку існавала спецыяльная «музычная» лесвіца. Яна была настолькі вузкай, што сукенкі шляхетных дам стваралі рэзанансны музычны эфект дзякуючы шоргату тканіны. А так гэта ці не — адпраўляйцеся ў тур. каб праверыць асабіста!

Як у любога іншага прыстойнага палаца ці замка, у сядзібы Герардаў ёсць свой прывід. Ходзяць чуткі, што дачка саветніка закахалася ў рускага салдата, чый полк быў раскватараваны ў Дзям’янках. Пасля адпраўкі арміі далей яна ўпотай адправілася за каханым. Герард вярнуў нядбайную дачку дадому, але дзяўчына так тужыла па сваім салдаце, што застрэлілася. Мясцовыя пагаворваюць, што яе дух можна ўбачыць у наваколлях… Беларусь наогул містычная краіна. Калі не верыце — чытайце наш матэрыял і адпраўляйцеся на пошукі нязведанага!

Не так даўно зону адчужэння ў Беларусі адкрылі для турыстаў. Хто ведае, можа быць гэта дасць другое жыццё дзіўнай сядзібе ў Дзям’янках, інакш гэты помнік архітэктуры рызыкуе назаўжды прапасці з твару Зямлі...