вул. Савецкая ў г. Гродна

Цяперашняя забудова Савецкай вуліцы фармавалася ў ХVI-ХІХ стст. гэта была Цэнтральная гандлёвая артэрыя горада.
Тут размяшчаліся лепшыя гатэлі і адначасова адбываліся самыя важныя падзеі. Многія адрасы звязаны з удзельнікамі паўстанняў 1830-1831 і 1864-1865 гг.за сваю гісторыю вуліца насіла назвы Віленская, Дамініканская, Маставая, Гімназіяльная, Саборная. Аб старажытнай забудове вуліцы мала што вядома. Больш рэспектабельны выгляд яна набыла ў сярэдзіне ХVII стагоддзя, калі тут быў пабудаваны касцёл і манастыр ордэна дамініканцаў. Падобна езуітам, яны разгарнулі шырокую культурна-гаспадарчую дзейнасць у цэнтры горада. Касцёл у стылі ранняга барока, адзін з самых выдатных у Гродне, паводле загаду расейскіх уладаў быў разабраны праз дзесяць гадоў пасля паўстання 1863-1864 гг. Будынак былой дамініканскай гімназіі захавалася (вул. Савецкая, 6, 8).
Праз некалькі метраў, на вул. Савецкай, 14 знаходзіцца будынак былога касцёла Святога Духа. Заснаваны каралевай Бонай у 1551 годзе, касцёл дзейнічаў да пачатку ХІХ стагоддзя, калі яго перабудавалі ў Дом міласэрнасці, а з сярэдзіны ХІХ стагоддзя перадалі прыватнай асобе, і тады тут узнік гатэль «Славянскі». Непадалёк, на месцы цяперашняга ўнівермага, размяшчалася гасцініца "Еўропа" – тут адзін час працаваў кіраўніком Карл Олеша, бацька вядомага пісьменніка Юрыя Олешы, дзяцінства якога прайшло ў Гродне. На рагу вуліц Савецкай і Ажэшкі размяшчаліся важныя адміністрацыйныя будынкі Гродзенскай губерні – акруговы суд (Савецкая, 31) і акруговае паштовае ведамства (Ажэшка, 1). Абодва будынкі першапачаткова з'яўляліся палацамі князёў Масальскіх, але былі моцна пашкоджаны пажарамі 1753, 1782 гг.і перабудаваны ў стылі класіцызму.
Зараз на Гродзенскай пешаходнай вуліцы, працягласць якой каля 500 метраў, знаходзяцца шматлікія гандлёвыя, культурныя і забаўляльныя ўстановы.