Свіслацкае замчышча

Найбуйнейшы археалагічны помнік раёна, замчышчы ў в. Свіслач (ХІІ–XIV стст.). Свіслацкае княства займала выгаднае геаграфічнае становішча. Тут працякалі буйныя рэкі Свіслач, Бярэзіна, Пціч, па якіх у старажытнасці праходзіў водны шлях. У XII–XIV стст. мястэчка Свіслач было цэнтрам удзельнага княства. Замак знаходзіўся на ўзвышшы на беразе ракі Свіслач, з поўначы ён быў абаронены ровам, які можна было пераадолець толькі па пад'ёмным мосце. За доўгую гісторыю замак пабываў рэзідэнцыяй і Свіслацкага удзельнага князя, і адміністрацыйным цэнтрам у часы Вялікага княства Літоўскага, і ўладаннем Радзівілаў.
Свіслацкі замак гарэў некалькі разоў: у XIII стагоддзі, 1506 годзе ад набегаў крымскіх татараў, і ў 1655 годзе быў спалены рускімі войскамі. Пасля гэтага замак як фартыфікацыйнае ўмацаванне не аднаўляўся.
Зараз на месцы замка – руіны гаспадарчых пабудоў XIX ст., адкуль адкрываецца надзвычайны від на зліццё рэк Свіслач і Бярэзіна.