Руіны манастыра картэзіанцаў у Бярозе

Бяроза – населены пункт у Брэсцкай вобласці. Былыя гаспадары гэтых зямель – знакамітыя беларуска-польскія магнаты Сапегі. Людзі гэты былі моцныя, разумныя, адукаваныя, прычым ва ўсіх пакаленнях. Правіцелі, землеўладальнікі, арыстакраты, воіны, палітыкі, і большай часткай – дбайныя каталікі.

Бяроза – толькі малая частка іх уладанняў. Па ўсёй Еўропе яны мелі палацы і рэзідэнцыі. Але менавіта сюды імкнуліся яны сэрцам, менавіта тут пахаваныя 8 пакаленняў прадстаўнікоў дынастыі.

Можна верыць або не верыць легендам, але яны ўпарта апавядаюць пра гаючую крыніцу, воды якой вярталі зрок сляпым, пра з’яву людзям нерукатворнага драўлянага крыжа з выявай Ісуса Хрыста, пра многія іншыя сведкі таго, што гэта месца адзначана Богам.

Невыпадкова каталіцкі ордэн картэзіянцаў звярнуўся з просьбай да Казіміра Льва Сапегі ў 1648 годзе каб дазволілі ім пабудаваць манастыр свайго ордэна менавіта на гэтай зямлі. Манахі ордэна, які вядзе сваю гісторыю з 1046 года, заўсёды былі вядомы амаль фанатычнай набожнасцю, аскетызмам у паўсядзённым жыцці, павагай да навукі і пазнання, вопытнасцю ў фартыфікацыі і ваеннай справе. Сапега дазволіў пачаць будаўніцтва, падараваў землі пад манастыр і таксама прыпісаў манастыру шматлікіх сялян.

Архітэктура манастыра

Сорак гадоў будаваўся манастыр: з 1648 па 1689 гады. Ужо і Казімір Леў Сапега памёр і быў пахаваны ў касцёле манастыра, а будаўніцтва ўсё вялося. Архітэктарам быў запрошаны італьянец Д.Б. Джыслені. Ён прытрымліваўся ў будаўніцтве стылю барока.

Гэта быў цэлы горад, здольны вытрымаць працяглую аблогу, і адначасова – уражлівую культавую пабудову з усімі належнымі статусу канструкцыямі. Манастыр-крэпасць, самы буйны на тэрыторыі Беларусі, адзіная абіцель ордэна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Уявім: манастырскі двор акружаны крапаснымі сценамі, уваход магчымы толькі праз браму з байніцамі. Па перыметры яшчэ пяць вежаў з дазорнымі пушкамі. Пушкі і на цэнтральнай высокай званніцы пасярод двара. Пад іх аховай больш мірныя інстытуты: жылыя карпусы, шпіталі, сталовая, аптэка і гаспадарчыя пабудовы. Поўная сістэма жыццезабеспячэння. Прыклад гуманітарнага боку жыцця манастырскай браціі – унікальная бібліятэка, у якой 39 надзвычай рэдкіх рукапісаў, 2314 пячатных тэкстаў. Не ўсякая акадэмія тых часоў магла б пахваліцца такімі фондамі.

Драматычная гісторыя і наступны заняпад манастыра

А пасля будаўніцтва пачалося жыццё. Як бы ні імкнулася святое брацтва да пустэльніцтва і малітваў, вельмі неспакойны быў час, за межамі крэпасных сцен кіпелі страсці, не астаўляючы манастыр безуважным. Адсюль: удзел у Паўночнай вайне (тут ступала і нага Пятра I, і Аўгуста II, і Карла ХII), удзел у паўстаннях 1830-1831 і 1863-1864 гадоў. Пасля іх манастыр быў зачынены, манахаў рассялілі па другіх абіцелях, а пабудовы часткова пусцілі на будаўнічыя матэрыялы, часткова іх разбурыў час і пажар 1915 года.

Як ні сумныя падзеі ў гісторыі манастыра, канец яго нельга назваць ганебным. Выстаялі ў гістарычных падзеях толькі некалькі збудаванняў, якія можна агледзець. Няхай усё гэта абвятшала і страціла сваю велічнасць, але стары манастыр усё памятае. Зойдзем унутр пабудоў: што чутна ў анфіладах пад арачнымі зводамі, за тоўстымі сценамі? Шоргат сутаны? Шолах шоўку мантыі?  Перакатванне гарматных ядраў? Гук званоў? Шэпт малітвы? Варта прыйсці сюды і прыслухацца.