Праваслаўная капліца ў вёсцы Ракітна

Капліца, як удакладняюць энцыклапедычныя выданні – невялікі асобны будынак культавага прызначэння. З-за сціплых памераў ён не можа змясціць шмат людзей, не мае асобнага  і адпаведным чынам аформленага месца для алтара. Звычайна тут праводзяць кароткія службы, але ў асобных выпадках магчымы і літургіі.

Праваслаўныя капліцы звычайна размяшчаюцца каля дарог ці скрыжаванняў, на могілках, у месцах богаяўлення або жыцця падзвіжнікаў веры. Капліца, назва якой вынесена ў загаловак – ужо не капліца, з 2013 года яна стала храмам, асвячоным імем архангела Міхаіла.

Гісторыя капліцы ў вёсцы Ракітна

Захаваўся фатаздымак (ён даступны ў сетцы Інтэрнэт), на якой зможна паглядзець на гістарычнае аблічча капліцы. Год яе стварэння аддалены ад нас больш чым на два стагоддзі (1801). Год, калі быў зроблены фатаздымак, невядомы. Ужо там капліца выглядае даволі старой. Затое можна сцвярджаць, што пабудавана яна была каля могілак. Драўляная капліца, драўляная агароджа, драўляныя крыжы. Чымсьці нагадвае апісанне беларускіх пейзажаў «Дзікага палявання караля Стаха» Ул. Караткевіча.

Але і такая капліца патрэбна была Богу, запатрабаваная вернікамі, любімая сялянамі. Яны і самі былі небагатыя, калі не сказаць, бедныя, таму і капліца з’явілася, дзякуючы памешчыку Іосіфу Шчыту, які выдзеліў асабістыя сродкі на будаўніцтва храма. Ужо тады яна была прысвечана архістратыгу (галоўнаму архангелу, які кіруе войскам анёлаў і архангелаў) Міхаілу.

Спачатку ў капліцы не было іканастаса, таму ў час службы іконы і свечы прыходзілася трымаць у руках самім прыхаджанам. Для капліцы, як ужо пісалася вышэй, такі лаканічны варыянт убрання – звычайная справа. Але намаганнямі веруючых у 1840 годзе быў пабудаваны невялікі іканастас і пафарбаваны звычайнай фарбай.

Нядаўна, у 1992 годзе, на месцы зусім ужо трухлявага драўлянага будынка быў пабудаваны каменны. З цягам часу сціплы культавы будынак працягваў сваё развіццё, быў устаноўлены іканастас, сталі праводзіцца доўгія царкоўныя службы. А пазней прайшоў яшчэ адзін этап рэканструкцыі, у працэсе якога здзейснілі рамонт: абшылі сцены, замянілі вокны, перакрылі дах, устанавілі купал і заменілі іканастас, а заадно і добраўпарадкавалі могілкі.

І здзейснілася! Да радасці ўсіх прыхаджан, 8 кастрычніка  2013 года архіепіскап Стэфан асвяціў храм. Зараз ён цешыць вока сваёй акуратнасцю, у сонечны дзень прамяні святла праламляюцца ў пазалочаным крыжы на купале, напаўняючы сэрца радасным, святым настроем. Побач з цэркаўкай разумееш, што такое прыгажосць. Сціплая, але, можа, іншага не трэба. Урэшце рэшт, з малога пачынаецца вялікае. Галоўнае – што гэты храм быў створаны намаганнямі, рэлігійным энтузіязмам простых людзей. Гэта іх уласны, выпакутаваны імі, вымалены храм, Божае, як яны лічаць, блаславенне.

Зараз тут здзяйсняюцца асноўныя абрады, праводзяцца службы, збіраюцца вернікі на святы і малітвы. Адсюль пачынаецца хросны ход. Адсюль пачынаецца духоўнасць.