Помнік Францыску Скарыне ў Полацку

У старажытным горадзе Полацку нямала цікавых месцаў, якія штогод прыцягваюць турыстаў. Адным з такіх з'яўляецца помнік Францыску Скарыне.

Францыск Скарына – найвядомая асоба ў беларускай гісторыі. Дакладная дата яго нараджэння невядомая, аднак можна сказаць, што на свет Францыск з'явіўся ў канцы XV стагоддзя ў Полацку. Сын купца першапачатковую адукацыю атрымаў у школе пры манастыры. У 1504 годзе Скарына выбірае Кракаўскую Акадэмію для далейшага атрымання ведаў. Пасля заканчэння факультэта вольных мастацтваў, ён атрымлівае ступень бакалаўра, а пазней – і званне доктара. Акрамя таго, у Кракаўскай Акадэміі Скарына атрымаў веды ў галіне медыцыны і ступень ліцэнціата. Доктарам медыцынскіх навук ён стаў у Італіі, дзе гэта званне Скарына атрымаў пасля паспяховай здачы экзаменаў у Падуанскім універсітэце.

Самай легендарнай падзеяй было выданне Францыскам Скарынам на тэрыторыі Беларусі першай друкаванай кнігі «Псалтыр». Друкарню першадрукар заснаваў у 1520 годзе ў сталіцы Вялікага княства Літоўскага горадзе Вільні. У ёй былі выдадзены «Малая падарожная кніга» і «Апостал».

У 1535 годзе новым домам для Францыска Скарыны становіцца Прага, дзе ён пражыў да канца сваіх дзён, практыкуючы медычную справу. Памёр вучоны, філосаф і пісьменнік у 1551 годзе.

Помнік легендарнаму земляку быў усталяваны ў Полацку ў 1974 годзе. Ён стаў вынікам ўпартай працы А. Глебава, І. Глебава, А. Заспіцкага, В. Марокіна. Асновай для помніка Скарыны служыць верхняя паверхня ступеністага цокаля, які мае памеры 6×8 метраў. Скульптура першадрукара мае вышыню ў 5,5 метраў і пастаўлена на гранітны пастамент вышынёй больш за 6 метраў. Таму ўжо сам памер помніка (агульнай вышынёй у 12 метраў) кажа пра значэнне асобы Францыска Скарыны ў гісторыі беларускага народа.

У скульптуры вялікі беларускі дзеяч выяўлены апранутым у спадаючую мантыю, у яго левай руцэ – кніга, сімвал ведаў. Філосаф над нечым засяроджана думае, падпёршы галаву правай рукой.

У 2015 годзе была праведзена рэканструкцыя гэтай славутасці, і цяпер кожны, хто прыязджае ў Полацк, можа аддаць даніну павагі першадрукару Францыску Скарыне, наведаўшы яго помнік.