Касцёл Святога Антонія ў аграгарадку Княжыцы

Першы касцёл, пабудаваны ў Княжыцах у 1681 г., быў драўляным. Харунжы Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслаў Пац вылучыў сродкі на заснаванне ў Княжыцах кляштара дамініканцаў. У сярэдзіне XVIII ст. прыход атрымаў значных памераў ахвяраванні ад нашчадкаў шляхцічаў Крукоўскіх. У 1750 г. пачалося будаўніцтва новага каменнага храма вышынёй 15 м. у 1780 г. касцёл быў асвечаны ў гонар Святога Антонія, але будаўнічыя работы ў манастыры вяліся яшчэ 11 гадоў і былі скончаны толькі ў 1791 г. Храм быў пабудаваны ў стылі віленскага барока, прамавугольны, галоўны фасад быў расчлянёны па гарызанталі магутнымі карнізамі, па вертыкалі – пілястрамі і лучковымі нішамі на тры часткі. Па баках галоўнага фасада-сцены з арачнымі праёмамі, якія ўтвараюць перад выхадам у храм парадны дворык.
У 1832 г. манастыр скасавалі, у 1863 г. Касцёл Святога Антонія зачыніўся і да 1872 г.перарабляўся пад праваслаўны храм Аляксандра Неўскага. У выніку над Касцёлам надбудавалі псеўдакупол і тры "цыбульныя" невялікія Купалы над галоўным фасадам будынка. Да 1965 г.храм прымаў вернікаў, а пасля быў зачынены.