Калекцыя-музей «Добрых простых рэчаў» у Слоніме

Пераступаючы парог незнаёмай кватэры, ніколі не ведаеш, што апынецца за дзвярыма. Звычайна памяшканне выкарыстоўваецца проста па прызначэнні – гэта значыць як жыллё. Але бывае і такое, што кватэра – гэта сапраўдны музей. Жывы і займальны прыклад гэтаму – хатні музей «Добрых простых рэчаў». Давайце-ка зазірнём унутр.

Такім чынам, дзіва-кватэра знаходзіцца ў горадзе Слоніме на вуліцы Брэсцкай. Да яе гаспадароў часта заходзяць наведвальнікі, якія цікавяцца незвычайнай музейнай выставай. Таму гасцям тут, вядома ж, рады, аднак на экскурсію перад тым, як пайсці, варта запісацца.

Знаёмімся - заснавальнікі і, можна сказаць, «бацькі» музея – сям'я Анішчык: Ніна Міхайлаўна і Валерый Пятровіч. Збірае калекцыю ўсякіх дробязей сямейная пара ўжо амаль 40 гадоў. Тут вам і самавары, і чайнікі, фотаапараты і гадзіны, падковы, тэлефоны з часоў Вялікай Айчыннай вайны, і проста ўсё, што заўгодна.

У асаблівай пашане ў сям'і калекцыянераў прасы. Збіраць гэтыя дзіва-прадметы Ніна і Пётр пачалі яшчэ ў далёкім 1978 годзе. А сёння дома яны захоўваюць каля 200 такіх экспанатаў. Прасы тут на кожны густ: драўляныя, латуневыя, суцэльнаметалічныя, чыгунныя з укладышамі, алюмініевыя, першыя электрычныя і мноства іншых. Ёсць нават асаблівы экспанат - прас канца XVIII стагоддзя. Такім адпарвалі шынель гогалеўскага героя Акакія Акак'евіча. Ёсць тут і міні-версія – прас велічынёй з запалкавы карабок, прызначаны для прасавання лёгкіх і амаль бязважкіх карунак.

Падковы, што прызначаны прынасціь шчасце, у гэтым доме таксама калекцыянуюць. Хатнія зборы гэтых прадметаў досыць вялікія. Вам пакажуць падкову 1941 года – узор падковы, якія былі ў бельгійскіх цяжкавагавых коней-першэронаў, якія перавозілі ў ваенныя гады гарматы. А яшчэ ёсць круглая падкова XVI-XVII стагоддзяў, прызначаная для коней крымскіх татар. Калекцыянуе слонімская сям'я Анішчык і конную збрую: хамуты, путы, страмёны, упрыгожванні збруі, звінячыя экспанаты – бразготкі і званочкі.

Паланэз Агінскага на старым патэфоне заказвалі? Гаспадары музея «Добрых простых рэчаў» пакажуць вам яшчэ калекцыю з 250 вінілавых пласцінак.

У кватэры на вуліцы Брэсцкай, дзе жывуць Ніна Міхайлаўна і Валерый Пятровіч, гадзіннікаў не так ужо і шмат, але ёсць вельмі каштоўныя экзэмпляры фірмаў Leroi A Paris, Bekker. Ну і куды ж без насценных гадзіннікаў з зязюляй? Прыходзьце, зверце час!

Пакаленне шарыкавых ручак і камп'ютарнай клавіятуры з радасцю бярэ ў рукі ўжо забыты, амаль культавы прадмет – ручку-пяро. У гэтым музеі ёю можна паспрабаваць напісаць пару слоў. Тут жа можна паглядзець вялікую калекцыю прылад для пісьма: чарніліц, мноства розных ручак, а таксама іншых прыстасаванняў, з дапамогай якіх вучылі грамаце яшчэ пры цару.

Калі пра грашовыя калекцыі вы толькі чулі, вам сюды. У сям'і Анішчык вялікі збор розных манет і купюр. Тут ёсць грошы і царскай Расіі, і Савецкага Саюзу, і незалежнай Беларусі, а таксама валюты іншых краін.

Кнігалюбам асабліва спадабаецца тая частка музея, дзе пададзены антыкварныя кнігі. Кніжныя выданні пачатку XIX - XX стагоддзяў, энцыклапедыі, матэрыялы па гісторыі беларускіх зямель і непасрэдна Слонімшчыны. Тут дакладна кожны знойдзе, што выбраць для чытання.

Сям'я Анішчык збірала такую багатую экспазіцыю не адзін дзясятак гадоў. Экспанаты звозіліся сюды з усіх куткоў Беларусі. У слонімскай кватэры на Брэсцкай вуліцы ўсё гэта асцярожна захоўваецца і чакае сваіх наведвальнікаў. Будзеце ў Слоніме – адважна заходзьце.