Камень - лекар у вёсцы Падевічы

Паданне сведчыць, што ў пракаветныя часы жыла тут вельмі прыгожая і добрая душой дзяўчына Рагнеда. Многія хлопцы былі ў яе закаханыя. А яна кахала хлебароба Светлавіда. 

Аднойчы дачуўся пра Рагнеду багацей Дулеба. Як убачыў дзяўчыну, так і сказаў сабе: “Будзе яна маёй жонкай!”

Рагнеда адмовіла Дулебу, і той, каб яна не дасталася ў жонкі Светлавіду, рашыў звесці дзяўчыну са свету. Рагнеда валодала рэдкім дарам – яна ўмела лячыць людзей і жывёлу. Зёлкамі, шэптам, сваімі слязамі. Гэту здольнасць пераняла яна ад сваёй маці, якая даўно памерла.

І вось Дулеба намаўляе на Рагнеду, нібыта яна ператварылася ў нядобрую чараўніцу, стала ведзьмай. Спалілі Рагнеду, як ведзьму, на вогнішчы. Аднак неўзабаве людзі сталі знаходзіць цудадзейныя валуны. Гаючай была вада, якая збіралася ў іх адтуліне. Яна ніколі не замярзала – нават у самыя траскучыя маразы, і ніколі не высыхала. І гэта, сцвярджае легенда, не раса і не вада, а слёзы Рагнеды.

Гавораць, што такіх камянёў з адтулінамі, якія лячылі, у наваколлі было дзевяць. Аднак знайшлі, пакуль што, адзін вось тут, пад Падзевічамі.

Бацькі, прадзеды пры дапамозе яго пазбаўляліся ад барадавак і нашчадкам сваім пра гэта паведамілі. Каб вылечыцца, трэба мезенцам левай рукі, памакнуўшы яго ў ваду, што збіраецца ў адтуліне валуна, тройчы памазаць барадаўку. Пры гэтым таксама тройчы неабходна сказаць: “Як гэта чыстая вада, няхай будзе чыстай мая рука (спіна, нага, жывот...)”. Але вылечыцца можна толькі пасля трохразовага наведвання каменя-лекара.