Галоўчынская Свята-Троіцкая царква

Драўляная царква ўпершыню пабудавана ў 1858 годзе да 150-годдзя Галоўчынскай бітвы паміж рускімі і шведскімі войскамі. Першым святаром быў Іван Галынец. Пры святары у. Дабравольскім (1899-1917гг.) царква стала адной з самых багатых у межах сённяшняга раёна, ёй належала 270 дзесяцін зямлі. Сам святар нават быў абраны ў якасці дэпутата ў IV Дзяржаўную Думу ад праваслаўных святароў Магілёўшчыны.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкі лётчык скінуў на царкву бомбу, якая прабіла дах, столь і ўпала на кафедру, але не выбухнула. У пасляваенны перыяд адрамантаваць храм не ўдалося, будынак царквы выкарыстоўваўся ў якасці клуба і склада. А адзін са званоў, напрыклад, выкарыстоўвалі для абвесткі галоўчынцаў пра пажар.
У 1960 годзе царква была разбурана.
У 2013 годзе на яе месцы была пабудавана новая драўляная Свята-Траецкая царква. Адной з яе каштоўнасцяў з'яўляецца копія абраза Маці Божай Бялыніцкай, напісаная ў пачатку 20 стагоддзя.