Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей
Дзятлаўскі музей быў створаны рашэннем Гродзенскага аблвыканкама № 353 ад 29 жніўня 1966 года. Музей атрымаў назву – Дзятлаўскі музей Народнай Славы. Ініцыятарамі яго арганізацыі былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Цярэнцьевіч Кабяк і першы сакратар райкама КПБ Іван Вікенцьевіч Крыжаноўскі. Стваральнікам і першым дырэктарам музея быў Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч (1913-1999гг.), які працаваў у ім да 1985 года. Першая экспазіцыя музея адкрылася для наведвання 5 мая 1968 года. Асноўнымі тэмамі экспазіцыі з’яўляліся: 1. Падрыхтоўка і перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Першыя рэвалюцыйныя камітэты на тэрыторыі краю і ўтварэнне БССР. 2. Дзятлаўшчына пад уладай буржуазнай Польшчы. Рэвалюцыйная і нацыянальна-вызваленчая барацьба працоўных, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. 3. Вялікая Айчынная вайна. 4. Сацыялістычныя пераўтварэнні ў раёне. Фонды музея інтэнсіўна папаўняліся, што дало магчымасць стварыць новую экспазіцыю, больш дасканалую па зместу і мастацкаму рашэнню. Адкрыццё новай экспазіцыі было прымеркавана да 40-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адбылося 8 ліпеня 1984 года. Удасканаленне і пашырэнне храналагічных рамак пастаяннай экспазіцыі адбылося ў 1997 годзе, калі быў створаны раздзел “Старажытная і сярэдневяковая гісторыя краю”. У 2003 годзе абноўлена частка залы з этнаграфічнымі матэрыяламі, аформлена пастаяннадзеючая выстава твораў народных і прафесійных майстроў – нашых землякоў. У сувязі з тым, што тэматыка экспазіцыі музея і склад фондаў значна пашырыліся, у 1998 годзе было прынята рашэнне аб змене назвы музея. Ён стаў называцца Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей. У 2006 годзе музей атрымаў статус юрыдычнай асобы і назву Установа культуры “Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей”. У 2021 годзе пачалася праца па абнаўленню музейнай экспазіцыі. Музей прапануе экскурсійнае абслугоўванне і наведванне музейнай экспазіцыі, знаёмства з гісторыяй Дзятлаўшчыны ад старажытных часоў да сучаснасці, квэст-гульню “У пошуках скарбаў Радзівілаў”, “Таямніцы музейных прадметаў” і іншае. Графік працы Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея: • Экспазіцыя - 09:00 - 18:00; выхадны – панядзелак; • Каса - 09:00 - 17:30; выхадны – панядзелак.