Чыгірынскае вадасховішча

Шукаеце маляўнічае мястэчка для выдатнай рыбнай лоўлі і камфортнага адпачынку? Тады вам у Магілёўскую вобласць! Менавіта там, на мяжы Быхаўскага і Кіраўскага раёна, знаходзіцца ўнікальнае вадасховішча, названае Чыгірынскім. Штучны вадаём быў створаны ў 1960 годзе з мэтай функцыянавання мясцовай гідраэлектрастанцыі.

У наш час Чыгірынскае вадасховішча з'яўляецца любімым месцам для рыбнай лоўлі як сярод мясцовых жыхароў, так і турыстаў з іншых рэгіёнаў і абласцей. Вадаём славіцца разнастайнасцю рыбы. Тут і акунь, і плотка, і гусцяра, а таксама шчупак і лешч вялікіх памераў. Штогод пад канец ліпеня, на так званым «Марскім беразе», праводзіцца маштабнае спартыўнае мерапрыемства «Вялікая бард-рыбалка», дзе рыбакі спаборнічаюць у лоўлі рыбы. У межах свята працуе аздараўленчы лазневы комплекс, выступаюць музыканты, праводзяцца майстар-класы і конкурсы аўтарскіх песень, а таксама дэгустацыя найсмачных страў, прыгатаваных з рыбы.

Раім адправіцца на Чыгірынскае вадасховішча ў маі ці верасні, бо гэты самы ўдалы час для буйнага ўлову і спакойнага адпачынку. У пачатку лета ўзбярэжная тэрыторыя вадаёма запоўнена рыбакамі, бо сюды масава з'язджаюцца турысты з Бабруйска і Кіраўска.

Чыгірынскі штучны вадаём атачаюць некалькі населеных пунктаў, у тым ліку Балонаўка, Чачэвічы, Галееўка, Грудзічына, Падлужжа, Кароткае і, зразумела ж, вёска Чыгірынка, размешчаная ў 30-і кіламетрах ад вадасховішча. Працягласць берагавой лініі складае 20 кіламетраў, домікаў для адпачынку і аграсядзібаў мноства. У вёсачцы Чачэвічы размешчана двухпавярховае «Чыгірынскае прадмесце», дзе вас ветліва сустрэнуць і размесцяць гасцінныя гаспадары. Кошт пражывання – 20 $ з чалавека. Акрамя ўтульных нумароў і харчавання, вам прапануюць пакатацца на горных роварах, катамаранах і лодках, пакупацца ў басейне, папарыцца ў лазні ці паспяваць у караоке ў дружнай кампаніі. Для дзяцей прадугледжана гульнявая пляцоўка і батут.

Цэлы комплекс утульных драўляных домікаў знаходзіцца на тэрыторыі «Сядзібы Чэкмарэва», размешчанай таксама ў вёсачцы Чачэвічы. З кожнага дома адкрываецца маляўнічы краявід на Чыгірынскае вадасховішча. У аграсядзібе прадугледжаны водныя шпацыры па вадасховішчы і рэчцы Друць. Тут ёсць усё для актыўнага адпачынку і камфортнага жыцця! А гаспадыня аграсядзібы Ірына – «валадарка рускай печкі» - згатуе для вас стравы традыцыйнай беларускай кухні.

Наведаць Чыгірынскае вадасховішча будзе цікава і заядлым паляўнічым. У аграсядзібе «Паляўнічы стан» вам падкажуць, на якіх звяроў можна папаляваць, якія дакументы неабходны для легальнага палявання, а таксама прапануюць паслугі суправаджэння турыстаў у лясны гушчар. Акрамя стандартных рэкрэацыйных паслуг (рыбная лоўля, катанне на лодках, катэрах, спартыўныя гульні, лазня), вы зможаце заняцца віндсёрфінгам, патрэнаваўшы сябе ў парусным спорце. Кошт пражывання ў «Паляўнічым стане» - 20 $ з чалавека ў суткі.

Чыгірынскае вадасховішча – выдатнае месца для адпачынку, рыбнай лоўлі і экатурызму круглы год. Тут вы адновіце сілы, падыхаеце найчысцейшым лясным паветрам, пакаштуеце свежыя ягады і грыбочкі, абзаведзяцеся новымі знаёмствамі і проста з задавальненнем правядзеце час!

Крыніца фота: http://mogilev-region.gov.by/