Капліца святой Варвары ў Высокім

На захадзе Беларусі, у Камянецкім раёне, размясцілася невялікае мястэчка Высокае, якое захапляе як мясцовых жыхароў, так і вандроўнікаў сваёй асаблівай атмасферай, маляўнічымі месцамі і помнікамі даўніны. Адным з такіх помнікаў з'яўляецца капліца святой Варвары (Барбары) ці, як яе яшчэ завуць, Варварынская капліца (невялікая капліца, бажніца). Бажніца сапраўды невялікая і ўяўляе сабою аднапавярховую васьмікантовую пабудову з дахам у форме шатра. Купал выкананы ў выглядзе трохкантовай вежкі, увянчанай крыжом.

Капліца святой Варвары была пабудавана ў 1772 годзе князем Сланчэўскім. Думкі гісторыкаў падзяляюцца адносна стваральніка капліцы. Некаторыя лічаць, што ім з'яўляецца Леанард Сланчэўскі – камянецкі біскуп, які браў удзел у пабудове многіх храмаў і капліц. Паводле падання, капліца ўзведзена на месцы пахавання каталіцкага біскупа Адама Клапатоўскага, але гэты факт не пацверджаны і па гэты дзень.

Да 1895 года 4 снежня ў Дзень святой Барбары ў капліцы горада Высокае праходзілі каталіцкія ўрачыстасці. Святая Варвара Іліопальская жыла ў III стагоддзі і з'яўлялася хрысціянскай вялікапакутніцай, прызнанай адначасова і праваслаўнай, і каталіцкай канфесіямі. Да пакутніцы звяртаюцца за абаронай ад трагічнай і жорсткай смерці. Лёс Варвары Іліопальскай быў сапраўды трагічны. Будучы зусім юнай, красуня Варвара напярэдадні замужжа была зняволена сваім бацькам Дыёскарам у вежы. Але замуж яна так і не пайшла, бо ёй удалося прыняць хрышчэнне: Варвара верыла ў існаванне адзінага Тварца. Даведаўшыся пра тое, што яго дачка стала хрысціянкай, бацька-язычнік кожны дзень катаваў няшчасную, але ўжо на наступны дзень на целе Варвары не заставалася ніводнай раны, бо з'яўляўся да пакутніцы Бог і вылечваў яе знявечанае цела. Тады бацька Варвары пакараў сваю дачку смерцю. Аднак кара не прымусіла сябе доўга чакаць: неўзабаве Дыёскар быў забіты ўдарам маланкі.

Мошчы святой Варвары знаходзяцца ў кафедральным саборы святога князя Уладзіміра ў Кіеве. Хрысціянская вялікапакутніца з'яўляецца апякункай ракетных і артылерыйскіх войскаў, а таксама ўсіх тых, хто свята верыць у яе цудоўную сілу.

У 1895 годзе капліцу святой Варвары сталі выкарыстоўваць як склад, што, зразумела, адбілася на яе вонкавым абліччы і ўнутраным убранні. У пачатку 90-х гадоў дваццатага стагоддзя капліца была адноўлена і цяпер з'яўляецца адным з самых значных архітэктурных аб'ектаў мястэчка Высокае. Варварынская капліца знаходзіцца ў падначаленні касцёла Святой Тройцы, пабудаванага ў пачатку 1600-х гадоў. Касцёл, што некалі лічыўся лепшым у Палессе, размешчаны зусім недалёка ад капліцы, літаральна праз яр ад яе.

Адным з любімых месцаў адпачынку гараджанаў з'яўляецца старадаўні гарадскі парк з мноствам экзатычных раслін і ярка квітнеючым бэзам. У парку пракладзены вузкія сцяжынкі, пройдучы ўздоўж якіх, вы ўбачыце вадаёмы, паляны, дрэвы розных відаў і формаў. Гуляючы па мосціку, што перакінуўся праз вадаём, вы трапіце ў найстаражытнейшую частку парка, дзе цяпер знаходзяцца руіны замка Сапегаў. У 1678 годзе замак уяўляў сабою трохпавярховую рэзідэнцыю, але да сённяшняга дня захавалася толькі частка заязной брамы.

Мястэчка Высокае ў Камянецкім раёне, нягледзячы на невялікую плошчу, з'яўляецца вельмі ціхім і ўтульным. Аднак і яно ўтойвае загадкавыя легенды і міфы, што так прыцягвае вандроўнікаў з усяго свету. Вы чулі легенду пра здань манаха? Ці, можа, гарадскую легенду пра князя Гедыміна? З капліцай святой Варвары таксама звязана прыгожае паданне – у ясны сонечны дзень, падчас царкоўнай службы, над капліцай з'яўляюцца два вялікіх, вельмі прыгожых крыла, быццам сама святая пакутніца з'явілася асвяціць сваім святлом усіх жыхароў мястэчка Высокае…