07.09.2022

Першы званок, прысвечаны Дню ведаў, празвінеў у аграгарадку Александрыя – на малой Радзіме Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. У мясцовай школе ў новым навучальным годзе за парты селі 193 вучні. У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная на 2021-2025 гады» і дзеля прасоўвання сэрвісу VETLIVA у рэгіёнах РУП «ЦЭНТРКУРОРТ» арганізавала акцыю «Прысвячэнне ў першакласнікі», у час якой усе навучэнцы першага класа ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна» атрымалі заплечнікі і флікеры з лагатыпам сэрвісу VETLIVA. Усе 20 першакласнікаў Александрыйскай сярэдняй школы атрымалі 1 верасня ад РУП «ЦЭНТРКУРОРТ» заплечнікі і флікеры з лагатыпам сэрвісу VETLIVA. Павіншаваць першакласнікаў і іх бацькоў з пачаткам школьнага жыцця прыехалі дырэктар РУП «ЦЭНТРКУРОРТ» Святлана Кончыц, дырэктар ААТ «Александрыя» Дзмітрый Малашэнка, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама і Шклоўскага райвыканкама, кіраўнікі ўстановы адукацыі і іншыя ганаровыя госці. Падчас урачыстай лінейкі госці павіншавалі навучэнцаў і педагогаў школы з высокімі дасягненнямі ў папярэднім навучальным годзе, пажадалі ім новых здзяйсненняў. Першы ўрок у Александрыйскай СШ, як і па ўсёй краіне, быў прысвечаны Году гістарычнай памяці. Ён адбыўся ў класе, дзе вучыўся знакаміты выпускнік. 20 першакласнікаў Александрыйскай СШ атрымалі ў падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнкі кнігу «Беларусь - наша Радзіма!». Прыйшоўшы на занятак у школу, дзе вучыўся будучы Кіраўнік дзяржавы, кожны першакласнік здолеў адчуць поруч з сабой жывую гісторыю сваёй краіны, адчуць датычнасць да гістарычных працэсаў і прыналежнасць да сваёй малой радзімы. Цяпер маленькая аднапавярховая школа стала музеем, у якім амаль нічога не змянялі з той пары, як тут вучыўся будучы Прэзідэнт: драўляныя парты, глобус, партрэт Леніна на сцяне... Поруч з драўлянай пабудовай размясцілася новая сучасная школа. Цёплае знаёмства з першакласніцамі іх першы настаўнік Таццяна Іванова правяла незвычайна: яна падыходзіла да кожнага вучня з карцінай, на якой адлюстравана сонейка, даўшы абяцанне, што яна будзе грэць кожнага вучня сваёй цеплынёй. А дзеці дадавалі свае далонькі, выразаныя на паперы, да карціны з сонейкам, называючы сваё імя. Дырэктар РУП «ЦЕНТРКУРОРТ» Святлана Кончыц уручыла першакласнікам Александрыйскай СШ заплечнікі і флікеры, пажадаўшы, каб падарожжа ў краіну ведаў апынулася цікавым і займальным: – Няхай ваш шлях да ведаў асвятляе зорка вандроўніка VETLIVA! Жадаю здароўя вашым педагогам, цярплівасці вашым бацькам, а вам – поспехаў у навучанні і шмат «дзясятак»! – такое пажаданне першакласнікам Александрыйскай СШ зрабіла Святлана Кончыц. На бягучым тыдні ў рамках акцыі «Прысвячэнне ў першакласнікі» заплечнікі і флікеры з лагатыпам сэрвісу VETLIVA атрымаюць ад РУП «ЦЭНТРКУРОРТ» першакласнікі яшчэ трох школ Шклоўскага раёна, размешчаных у аграгарадках Гарадзец і Стараселле, а таксама ў вёсцы Вялікае Уланава. У наступным навучальным годзе ў рамках прасоўвання сэрвісу VETLIVA плануецца правядзенне акцыі «Прысвячэнне ў першакласнікі» у іншых рэгіёнах краіны, прытым акцэнт будзе зроблены менавіта на невялікіх населеных пунктах: аграгарадках, вёсках і сёлах. РУП «ЦЭНТРКУРОРТ» выказвае падзяку адміністрацыі ДУА «Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна» за цёплы прыём і дапамогу ў арганізацыі гэтага мерапрыемства.

Вярнуцца да спісу