11.12.2020 Каменюкі
Цяпер ужо цяжка ўявіць, як мы жылі без сваёй рэзідэнцыі дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы! Адкрылася яна адносна нядаўна, у 2003 годзе, і за гэты час стала адным з самых папулярных турыстычных месцаў у Беларусі. Штогод - прычым цягам усяго году - яе наведваюць каля 150 тысяч чалавек.
Над стварэннем казачнай атмасферы маёнтка працавала цэлая брыгада разьбяроў па дрэве. Яны ўпрыгожылі як сам дом Дзеда Мароза, так і ўсе навокал мудрагелістым драўляным плецівам. А яшчэ стварылі мноства скульптур з дрэва па матывах казак. Уваход у рэзідэнцыю Дзеда Мароза ахоўваюць Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч. Падчас урагану два велізарных дрэвы былі пашкоджаныя, але скульптары ўдыхнулі ў іх новае жыццё і ператварылі ў казачных рыцараў.
Маёнтак даволі вялікі - на 15 гектарах размясціліся таксама скарбніца, чароўны млын, што перамолвае дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок, церамок Снягуркі, паляна Дванаццаці месяцаў, алея знакаў усходняга календара, ну і, канечне, сапраўдная навагодняя ялінка. Узімку яна неверагодна прыгожа ўбраная зіхоткімі агнямі. Зрэшты, у любую пару году тут вельмі прыгожа і ўтульна дзякуючы дбанням Дзеда Мароза, а з коміна ўецца дымок - гаспадар чакае гасцей на гарбату. А яшчэ Дзед Мароз чытае шматлікія лісты, якія дасылаюць яму дзеці з усяго свету, і адказвае на іх.
Пакуль дзеці гутараць і гуляюць з Дзедам Марозам, дарослыя могуць падсілкавацца блінамі або іншымі нацыянальнымі беларускімі стравамі ў «Хаце Дзеда Мароза», набыць сувеніры на памяць пра наведванне казачнай рэзідэнцыі. А потым разам з дзецьмі праехаць на Навагоднім цягніку. Дзве гадзіны экскурсіі па маёнтку Дзеда Мароза пралятаюць незаўважна. Ад уваходу ў нацыянальны парк «Белавежская пушча» ў рэзідэнцыю ходзяць аўтобусы аб 11:00, 13:30 і 16:00, а ў перадсвяточныя дні з 10 снежня - штогадзіны.
Варта зазначыць, што не адным Дзедам Марозам славіцца Белавежская пушча. Тут
удалося захаваць самую вялікую ў свеце папуляцыю зуброў, якія жывуць практычна ў сваіх натуральных умовах. Зуброў ды іншых дзікіх жывёл можна ўбачыць у лясным заапарку. Гэта вялікія вальеры, у якіх знаходзяцца алені, казулі, рысі, ваўкі, мядзведзі, лісы, а таксама драпежныя птушкі. Асабліва да спадобы наведнікам вушасты пугач - сава, самая вялікая з тых, што жывуць у нас.
Замацаваць пабачаны матэрыял можна ў Музеі прыроды, які лічыцца адным з найлепшых падобнага профілю ў Беларусі.
Акрамя таго, у Белавежскай пушчы ёсць выдатны музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій. Экскурсаводы раскажуць гісторыю стварэння запаведніка, а таксама распавядуць шматлікія паляўнічыя гісторыі, якія ў гэтых мясцінах перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пры жаданні можна пакаштаваць «пушчанскія» пачастункі ў страўні «Хутарок», у тым ліку самагон, які прыгатуюць ў вас на вачах.
У археалагічным музеі пад адкрытым небам вам пакажуць побыт нашых далёкіх продкаў ад бронзавага веку (I тысячагоддзя да н.э.) да ранняга сярэднявечча (X стагоддзе н.э.).
Увогуле, калі вы вырашылі правесці выходныя з толкам, смела бярыце ўсю сям'ю і выпраўляйцеся ў Белавежскую пушчу ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Сумна не будзе ні дарослым, ні самым маленькім!
ПАДАРОЖНІЧАЦЬ - ЗНАЧЫЦЬ ЖЫЦЬ!
Падпішыся на рассылку!
Цікавыя падарожжы па Беларусі, гайды па гарадах, парады па санаторыях, гастратуры,
навіны і акцыі з лепшымі коштамі на адпачынак.
1
2...
476