Беларуская вёска Гальшаны, якая знаходзіцца ў Ашмянскім раёне, даўно ўжо стала месцам паломніцтва гісторыкаў, турыстаў і нават уфолагаў. Тут знаходзяцца знакамітыя руіны Гальшанскага замка і блукае прывід Чорнага манаха, а на гербе цкавага мястэчка красуецца кентаўр.
Нечуваную і бессмяротную папулярнасць Гальшанам прынёс ледзь не самы чытаемы ў беларускай літаратуры раман «Чорны замак Альшанскі» (1979) знакамітага Уладзіміра Караткевіча. Правобразам «Чорнага замка» якраз і паслужыў сапегаўскі палац у Гальшанах.
Паводле адной з версій, замак пабудаваў легендарны князь Гольша, які ў 1280 годзе заснаваў і «град Гальшаны». Толькі ў XVII стагоддзі замак дастаўся Сапегам, якія яго перабудавалі. Па іншай версіі, «палац» у тым выглядзе, у якім мы яго можам прадставіць, заклаў Павел Стэфан Сапега — падканцлер ВКЛ.
Як бы там ні было, але замак у Гальшанах славіўся сваёй веліччу — з чатырма вежамі, размешчанымі па кутах палаца, сценамі з чырвонай цэглы, аконнымі вітражамі, аркавым уваходам. Сваім раскошным інтэр'ерам Гальшанскі замак мог паспрачацца з каралеўскімі палатамі. Замак акружаліі абарончыя равы.
Нажаль, уся гэтая пышнасць стала ў сярэдзіне XX стагоддзя руінамі. Пасля смерці Паўла Сапегі яго рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. Замак моцна пацярпеў падчас Паўночнай вайны. У сярэдзіне XIX стагоддзя сядзібу пачалі расцягваць на будаўнічыя матэрыялы, з цэглы трэцяга паверха пабудавалі карчму. І ўсё ж, нягледзячы на заняпад, і ў гады I Сусветнай вайны ў будынку яшчэ жылі людзі. А пасля 1945 года цэгла са сцен Гальшанскага замка пайшла на будаўніцтва свінарніка і іншых гаспадарчых будынкаў.
Нягледзячы на гэта, нават зруйнаваны часам і людзьмі Гальшанскі замак працягвае жыць і велічна выглядаць. У 2013 годзе рэшткі замка былі закансерваваны, а ў 2015-м пачаліся рэстаўрацыйныя работы на паўночнай вежы.
Дарэчы, існаванне непаўторнага і велічнага замка зрабіла падставу для правядзення ў штогадовага рыцарскага фэста «Гальшанскі замак».
Часам у сценах замка збіраюцца ўфолагі і «паляўнічыя за прывідамі». Па адной з легенд, у адну са сцен замка жыўцом замуравалі маладога хлопца, які спакусіў княжую дачку. Хлопца клікалі Граміслаў, які зараз вядомы грамадству як Чорны Манах. Лічыцца, што менавіта яго прывід палохае турыстаў і рэстаўратараў.
Існуе таксама легенда пра Белую панну: яе быццам бы таксама замуравалі ў сцяну ў якасці ахвяры. Жанчына была жонкай аднаго з будаўнікоў. Зразумела, што і Ўладзімір Караткевіч выдатна ведаў пра гальшанскіх прывідаў…
Паселішча Гальшаны размяшчаецца на беразе рэчкі Гальшанкі. Гэтае старадаўняе мястэчка дзіўным чынам захавала сваё арыстакратычнае аблічча і старажытную архітэктуру. Па меркаванні вядомых архітэктараў, гэта адзінае мястэчка ў краіне, «якое захавала свой твар».
На гербе Гальшан спалучаюцца радавыя знакі яго знакамітых уладальнікаў — Гальшанскіх і Сапегаў: кентаўр паразіў срэбнай стралой змея, а ўнізе размясціўся знак «Ліс» (Сапегі).
1
2...
489