Завоссе

Хутар Завоссе, размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, - культурна-гістарычны аб'ект на шляху любога турыста, якi ідзе "Шляхам Адама Міцкевіча". Менавіта тут вялікі беларуска-польскі паэт пачаў свой жыццёвы шлях. Фальварак, дзе нарадзіўся будучы паэт, быў разбураны яшчэ пры яго жыцці, пра што ён не раз з сумам і болем у сэрцы згадваў у сваіх творах. І сёння навукоўцы вядуць спрэчкі, ці можна лічыць Завоссе сапраўднай радзімай Міцкевіча. Пры жыцці пісьменніка яго адзінай і бясспрэчнай радзімай лічыўся Наваградак. Аднак пасля яго смерці калыскай беларуска-польскага паэта было названа Завоссе. Акрамя гэтых дзвюх версій, існуе трэцяя, падтрыманая адным з самых значных беларускіх навукоўцаў-фалькларыстаў - Адамам Кіркорам, якая сцвярджала, што Адам Міцкевіч паходзіў з  фальварка Восава. Аднак родныя Міцкевіча, удзельнічаючы ў напісанні біяграфіі знакамітага паэта, у адзін голас сцвярджалі, што яго першапачатковай радзімай было менавіта Завоссе. Таксама дадзеную версію пацвярджаюць некралогі, апублікаваныя пасля смерці Міцкевіча. У іх месцам нараджэння беларуска-польскага Гамера зваўся менавіта хутар Завоссе.

Гістарычная даведка

Упершыню Завоссе дакументальна згадваецца ў 1775 годзе, калі шляхціч Ёзаф Міцкевіч, які даводзіўся родным братам дзеду Адама, падаў у Наваградскі суд на шляхціча Яновіча, тагачаснага ўладальніка Завосся, які быў вінен яму 700 залатых. У выніку Завоссе было аддадзена Ёзафу ў якасці кампенсацыі. Праз дваццаць гадоў кіраўніком маёнтка на два гады становіцца Мікалай Міцкевіч, будучы бацька вялікага пісьменніка. Бацькі Адама былі дробнай літоўскай шляхтай, а таму сваёй зямлі не мелі.  Менавіта таму версія пра нараджэнне Адама ў Завоссе зусім не беспадстаўная. Пасля 1801 года сям'я паэта пераехала ў Наваградак, паколькі ў горадзе было больш працы.

У сваім першародным выглядзе маёнтак сям'і Міцкевічаў праіснаваў да Першай сусветнай вайны, а затым ён быў разбураны дашчэнту. Ад яго засталася толькі старая ліпа і сажалка. Да нашага часу не дайшлі ніякія звесткі пра інтэр’ер маёнтка, не захаваліся і арыгінальныя рэчы XIX стагоддзя. Таму, пры правядзенні рэканструкцыі, стваральнікі музея абапіраліся на апісанні самога Міцкевіча, запазычаныя са знакамітай паэмы "Пан Тадэвуш".

У наваколлях Завосся знаходзіцца некалькі дзясяткаў падобных фальваркаў дробназямельнай шляхты, аднак ніводнай з іх не было наканавана так праславіцца, як гэтай. У гонар двухсотгадовага юбілея паэта, які адбыўся ў 1998 годзе, на месцы фальварка быў пабудаваны музей, які, паводле малюнкаў Напалеона Орды і Яўгенія Паўловіча, адпавядаў будынку тых часоў. Цяпер музей Адама Міцкевіча ў Завоссі - выдатны ўзор традыцыйнага беларускага дойлідства. Ён уяўляе сабой драўляны зруб, крыты саломай. Да зруба прымыкае тыповы ганак. Атмасфера музея прасякнута духам эпохі, яго інтэр'еры дазваляюць нам дакрануцца да велічы беларуска-польскага паэта і ўвачавідкі пераканацца ў маляўнічасці кутка Беларусі, які ўзгадаваў яго.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу