Сядзіба Катлубаяў у вёсцы Ястрамбель

Ястрэмбель

Сядзібы, палацы, замкі

Вёсачка з насельніцтвам крыху менш за чатырыста жыхароў размясцілася ў пятнаццаці кіламетрах ад Баранавічаў. Улічваючы, як недалёка яна знаходзіцца, яе абавязкова варта наведаць. Бо менавіта тут знаходзіцца унікальны, па-сапраўднаму вычварны і дзіўны архітэктурны помнік - сядзіба, якая належала шляхціцам Катлубаям.

Гісторыя адной сядзібы

Мясцовасць, на якой размешчана вёска Ястрамбель, з XVI стагоддзя ўваходзіла ў склад тэрыторый Вялікага княства Літоўскага. У 1557 годзе яна ўжо была цэнтрам воласці і падпарадкоўвалася Навагрудскаму ваяводству.                

У XIX стагоддзі яе гаспадаром становіцца губернскі сакратар Міхаіл Катлубай, які меў татарскія карані. Яго сын Эдвард, дзякуючы якому на гэтых землях і з'явілася выдатная сядзіба, быў выдатным чалавекам. Ён атрымаў тэхнічную адукацыю, аднак, насуперак чаканням, не стаў рабіць кар'еру, а вярнуўся на радзіму. Тут ён, з дазволу Радзівілаў, правёў карпатлівую працу, вывучаючы іх сямейную хроніку. Даследаванне вылілася ў навуковы трактат пад назвай "Нясвіжская галерэя Радзівілаўскіх партрэтаў", выдадзены ў 1856 годзе ў г. Вільна.

Эдвард Катлубай быў, да ўсяго іншага, вельмі таленавітым інжынерам. У 1897 годзе па яго ініцыятыве ў Ястрамбелi была пабудавана раскошная сядзіба, якая мела вельмі незвычайны дызайн, названы даследчыкамі «неўмацаваны замак». Сапраўды, непадрыхтаванага гледача, які не бачыў фатаграфiй гэтага архітэктурнага цуда, з першага погляду дзівіць востраканцовая вежа і калоны. Менавіта такімі мы прывыклі ўяўляць сабе казачныя і чароўныя замкі.

Сядзібны дом уяўляе сабой двухпавярховы каменны будынак з шатровай вежай, якая шчыльна прымыкае да яго i мае цэлых чатыры ярусы. Агульны стыль пабудовы - неакласіцызм: мы бачым тут магутныя калоны, стрыманасць у дэкоры, франтон. Аднак архітэктар, пад чыім кіраўніцтвам будавалася сядзіба, відавочна не быў вялікім прыхільнікам тыповай для архітэктурнага стылю сіметрыі. Таму і выглядае будынак вельмі падобным да замка.

Сядзіба Катлубаяў дзівіць не толькі знешнім, але і ўнутраным убраннем. Гэта не проста невялікi сельскi маёнтак: усярэдзіне размяшчаліся цэлых васямнаццаць прасторных пакояў, сцены ўпрыгожаны ляпнінай і карцінамі з міфалагічнымі і антычнымі сюжэтамі. Падлогі, само сабой, былі выкладзеныя не толькі керамічнай пліткай, але і паркетам. Акрамя таго, тут размяшчалася вялікая і багатая калекцыя твораў мастацтва.

Аднак ў 1917 годзе сядзібу спасцігла бяда: апошняга гаспадара Ястрамбеля з роду Катлубаяў (яго звалі Зігмунд) арыштавалі і пасадзілі ў турму, а маёнтак разрабавалі. Такім чынам і ўсталявалася савецкая ўлада ў вёсцы. Помнік архітэктуры выкарыстоўваўся ў якасці дзіцячага дома, у выніку чаго былі знесены ўнутраныя сцены, знішчана выдатная ляпніна. Не перажылі савецкія часы і шматлікія гаспадарчыя будынкі, якія размяшчаліся вакол сядзібнага дома.

У 1972 годзе тут знаходзілася школа-інтэрнат, якая праіснавала да 1990 года. І з таго часу выдатны маёнтак чакае рэстаўрацыі.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу