Сядзіба Грабніцкіх у гарадскім пасёлку Обаль

Аболь

Сядзібы, палацы, замкі

Обаль - гарадскі пасёлак невялікіх памераў, які размясціўся на аднайменнай рэчцы ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. Калі вы раптам плануеце ваяж з наведваннем пасёлка, зрабіць Вам гэта будзе нескладана, бо ён знаходзіцца ўсяго ў 23 кіламетрах ад раённага цэнтра Шуміліна і ў 70 - ад абласнога цэнтра Віцебска. Да таго ж, Обаль з'яўляецца чыгуначнай станцыяй на лініі, якая вядзе з Віцебска ў Полацк, што спрашчае магчымасць прыехаць сюды на цягніку. А прыехаць і паглядзець на мясцовыя славутасці сапраўды варта! Бо тут знаходзяцца руіны сядзібы Грабніцкіх, якая з'яўляецца найбуйнейшым помнікам такога кшталту на тэрыторыі ўсяго Шумілінскага раёна.

Гістарычная хроніка

Обаль згадваецца ў гістарычных хроніках яшчэ з XV стагоддзя. Тады гэтыя землі ўваходзілі ў склад ВКЛ, дакладней, у Петрапаўласкую воласць Полацкага павета. Затым - у склад Рэчы Паспалітай, пасля першага падзелу якой у 1772 годзе трапілі пад уладу Расійскай імперыі. Мястэчка пачало развівацца хуткімі тэмпамі, калі праз Обаль пралегла Рыга-Арлоўская чыгунка. Обаль славіўся вырабам драўнянага вугалю, спірту, дзёгцю, воцатнага парашка. Акрамя таго, тут плённа працаваў вадзяны млын, а таксама была адкрыта царкоўна-прыходская школа.

Ужо ў 1924 годзе Обаль становіцца цэнтрам сельсавета, а праз пяць гадоў тут пачынае працаваць цагельня. Гэта цагельня, дарэчы, даволі паспяхова функцыянуе і цяпер, вядомыя нам як «Обальскі керамічны завод».

У жніўні 1941 года тут размяшчаліся фашысцкія войскі. Вызвалены Обаль быў толькі ў 1944 годзе. Статус гарадскога пасёлка атрымаў у 1968 годзе.

Старажытная сядзіба

Сядзіба Грабніцкіх - мясцовая славутасць, якая, як было згадана вышэй, з'яўляецца самай маштабнай пабудовай падобнага роду ў Шумілінскім раёне. Яна была ўзведзена ў 1852 годзе і належала дынастыі Грабніцкіх, якія валодалі яшчэ некалькімі сядзібамі, акрамя Обальскай. Паводле некаторых крыніц, у лепшыя часы на шляхцічаў працавала каля ста чалавек. Сярод іх былі ткачы, шаўцы і многія іншыя.

Цяпер ад шыкоўнага комплексу засталіся толькі руіны. Аднак у часы росквіту тут знаходзілася двухпавярховая сядзіба з двума чатырохкалоннымi порцікамі на фасадах. Сядзібны дом быў акружаны раскошным паркам з сіметрычна-восевай планіроўкай.

Дом не захаваўся да нашага часу таму, што ў яго будынку пастаянна размяшчаліся розныя арганізацыі, якiя не надавалі належнай увагі архітэктурнаму набытку. З 1920 года тут размяшчалася школа, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны - патрыятычнае падполле «Юныя мсціўцы», якое якраз і складалася з вучняў Обальскай школы. Пасля вайны будынак перарабілі пад патрэбы работнікаў цаглянага завода. Некаторы час гэты будынак быў закінуты, а потым і зусім згарэў ... Цяпер тут можна ўбачыць толькі знешнія сцены сядзібы і адзін будынак флігеля, у якім размешчаны музей, экспазіцыя якога прысвечана гераічнаму Обальскаму падполлю.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу