Сядзіба 18 стагоддзя ў вёсцы Жодзішкі

Жодзішкі

Сядзібы, палацы, замкі

Двухпавярховы сядзібны будынак, пабудаваны ў XVIII стагоддзі ў Жодзішках езуітамі ў якасці калегіума, хавае мноства таямніц і сакрэтаў. Для таго, каб трапiць унутр, трэба лiтаральна з глузду з'ехаць. Таму, што ў старажытным храме навукі - езуіцкім калегіуме – цяпер размяшчаецца псіхіятрычная бальніца вобласцi.

 

                Калі пабудавалі калегіум

 

                У пачатку XVIII стагоддзя манах-езуіт Адам Міцкевіч (не блытаць з паэтам!) угаварыў сваю маці Барбару перадаць мястэчка і яшчэ пяць вёсак ордэну езуітаў. Барбара Міцкевіч з роду Камароў у свой час атрымала Жодзішкі ў якасці пасагу. І любаму сыну яна не змагла адмовіць.

                У 1708 годзе манахі адкрылі ў Жодзішках езуіцкі калегіум. Гэта была сёмая навучальная ўстанова пад патранатам айцоў-езуітаў, якая дзейнічала на тэрыторыі Беларусі.

                Зыходзячы з дакладных звестак, калегіум пачаў паўнацэнна працаваць у 1709 годзе. Навучальная ўстанова размяшчалася ў некалькіх драўляных карпусах, якiя злучалiся галерэяй. Будаўніцтва новага будынка з цэглы распачалося ў 1757 годзе і працягвалася да 1770-га (па іншых звестках, да 1766-га). Праект калегіума быў распрацаваны віленскім прафесарам Тамашам Жаброўскiм. Аб тым, як дакладна выглядаў будынак, сказаць цяжка, таму што праз некаторы час ён быў перабудаваны.

 

                Некалькі фактаў аб дзейнасці калегіума

 

                Манахі выкладалі бясплатна. Наведваць калегіум маглі не толькі дзеці каталікоў, але і праваслаўных. У калегіуме выкладалі элементарныя навукі, рыторыку, паэтыку, філасофію, нямецкую і французскую мовы.

                У 1710 годзе тут адкрылі бібліятэку, а ў 1767 годзе - аптэку. Езуіты практыкавалі і ў якасцi лекараў.

 

                Ад Патоцкага - да Мiлачэўскага

 

                Пасля таго, як прадстаўнікі езуіцкага ордэна вымушаны былi пакінуць Жодзішкі, уладальнікам мястэчка і будынка калегіума стаў генерал Патоцкі. Але ненадоўга. Патоцкі перапрадаў Жодзішкі яшчэ аднаму ваеннаму дзеячу ВКЛ графу Тэадору Ласкарысу. Менавіта ён перабудаваў галоўны корпус калегіума пад сядзібны дом (магчыма, тады ў адной з частак быў надбудаваны трэці паверх).

                У сярэдзіне XIX стагоддзя дом належаў Канстанціну Мiлачэўскаму. Паводле дакументальных звестак, у якасці жылога памяшкання новы ўладальнік выкарыстаў толькі тарцовы аб'ём. Астатняя частка будынка стаяла ў запусценні – без вокнаў і даху. Келлі на першым паверсе выкарыстоўваліся ў якасці пакояў для чэлядзі, а шырокія падвалы – як гаспадарчае сховішча. У трапезнай захоўвалася збожжа.

                Вядома, што апошнім уладальнікам сядзібы быў Бакшанскi.

 

                Санаторый так i не адчынiлi

 

                Будынак сядзібнага дома шмат перабудоўваўся, але выстаяў у Другую Сусветную і захаваўся да нашых дзён. У 1948 годзе ў ім хацелі зрабiць санаторый. Але санаторый так i не адчынiўся. У будынак пераехала псіхіятрычная бальніца.

 

                Асаблівасці архітэктуры

 

                Зараз сядзібны дом у Жодзішках уяўляе сабой двухпавярховы будынак з цэглы пад вальмавым дахам. Сцены аздоблены нешырокімі лапаткамі і лучковымі вокнамі. Унутраная планіроўка зроблена як галерэя. У якасці перакрыццяў выкарыстоўваюцца крыжовыя скляпенні. У будынку таксама маецца скляпеністы падвальны паверх. Сядзібны будынак адносiцца да помнікаў архітэктуры барока.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу