Царква Святога Міхаіла Архангела ў Лідзе

Ліда

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Што можа быць прыгажэйшым за веліч старадаўніх храмаў, сцены якіх утойваюць у сябе шмат загадак і напамінаў пра падзеі мінулых стагоддзяў? Нішто не параўнаецца з таямніцамі і гісторыяй старажытных праваслаўных і каталіцкіх святынь. Узгадаем хаця б Свята-Міхайлаўскі сабор у Лідзе Гродзенскай вобласці.

Гісторыя храма ўнікальная і разам з тым – трагічная. Першапачаткова будынак узводзіўся ў якасці каталіцкага храма як касцёл Святога Іосіфа – для кляштара манахаў-піяраў. Фундатарам будаўніцтва выступаў сам імператар Павел I. На будаўніцтва ён выдзяліў 5 тысяч рублёў, што на той час было велізарнай сумай. Касцёл вырашылі ўзводзіць у не зусім звычайным стылі: у той час вельмі модна было будаваць цэнтрычныя, ратандальныя і купальныя храмы. Такім і паўстаў касцёл у Лідзе. Гэтая пабудова выклікала яркія асацыяцыі з антычным рымскім Пантэонам.

У канцы XIX стагоддзя каталіцкая парафія ў Лідзе была шматлікая. Касцёл валодаў 65-ю дзясяцінамі зямлі і млынам, прыбытак ад якіх складаў 600 рублёў за год. Крыху пазней амаль 7 дзясяцін зямлі былі аддадзены пад чыгунку. Акрамя даходаў ад выкарыстання і продажу зямлі казначэйства рэгулярна выдзяляла дадатковыя датацыі на ўтрыманне храма ў належным стане.

У 1863 годзе здарыўся пажар, які значна пашкодзіў будынак. Храм давялося перабудоўваць. У тым жа годзе яго перадалі праваслаўнай царкве.

У пачатку XX стагоддзя адбылася яшчэ адна страшная падзея, якая літаральна шакіравала мясцовых жыхароў. На Велікодныя святы падчас набажэнства ў храм уварваліся злачынцы. Яны паламалі інканастас, выкінулі з вокнаў свяшчэнныя абразы, а потым жорстка забілі святара і ўчынілі непапраўную шкоду ўсяму будынку. Храм аднавілі, але дзейнічаў ён пасля гэтага толькі 40 гадоў. У 1957 годзе савецкія ўлады яго зачынілі. 

Пасля закрыцця гарадскую святыню ператварылі ў планетарый. Падчас перабудовы зруйнавалі цагляную браму, якая была непаўторным упрыгожаннем усёй тэрыторыі. Акрамя будынку храма, да сянняшніх дзён дайшоў таксама цагляны корпус былога кляштара і аднаярусная званіца, што знаходзіцца недалёка ад сабора.

Будынак храма вярнулі праваслаўным у 1996 годзе. Некалькі гадоў таму ва ўрачыстых абставінах асвяцілі мемарыяльную дошку з выявай святара І. Каяловіча, забітага падчас нападу злачынцаў у 1919 годзе.

Сённяшні сабор – гэта яркі помнік архітэктуры класіцызму XIX стагоддзя з дэкорам у стылі дарычнага ордэра.  Над храмам узвышаецца паўсферычны купал з васьмігранным ліхтаром. Увесь круглы аб’ём дапаўняюць чатырохкалонныя порцікі і двухпавярхвыя сакрысціі. З паўночнага і паўднёвага бакоў можна пабачыць рызаліты і трохвугольныя фронты, якія вельмі арганічна дапаўняюць фасад храма. Галоўны акцэнт у знешнім убранні сабора зроблены на высокія аконныя праёмы ў форме прамавугольніка, праз якія інтэр’ер сабора напаўняецца святлом. Усярэдзіне малітоўнай залы – 16 калон дарычнага ордэна. Столь пафарбавана з выкарыстаннем унікальнай тэхнікі – грызайль з імітацыяй кесонаў.

Лідскі Свята-Міхайлаўскі сабор з’яўляецца сёння сапраўды святым і светлым месцам – унікальным помнікам архітэктуры.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу