Траецкі сабор у Жлобіне

Жлобін

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Храм Святой Жываначальнай Тройцы (Траецкі сабор) - адзін з двух кафедральных сабораў Гомельскай епархіі. Тройца Жываначальная - адзіны ў трох тварах Бог, які дае жыццё. Такое ў гэтага храма высокае асвячэнне.

І месца для яго пабудовы было абрана адпаведна - самая высокая кропка берага Дняпра. Ён быў узведзены ў 1880 годзе там, дзе некалі стаяла Крыжаўзвіжанская царква, невялікая і драўляная. Яна згарэла разам з большай часткай горада падчас жудаснага пажару.

На службы ў новы храм збіраліся вернікі з размешчаных паблізу вёсак. Людна было ў царкве, расла яе папулярнасць і любоў да яе вернікаў.

Але ў 1932 годзе, падчас рэалізацыі ў краіне палітыкі багаборніцтва, грымнула бяда: быў арыштаваны і рэпрэсаваны тагачасны настаяцель царквы, айцец Адам Жыновіч. Замены яму не знайшлося, службы спыніліся. Так атрымалася, што на зямлі, дзе хрысціянскія абшчыны вядомыя яшчэ з XI стагоддзя, праваслаўны храм застаўся пустым, халодным, нядзейсным. Будынак сталі выкарыстоўваць для захоўвання дзяржаўных архіваў.

Сапраўдная трагедыя разгулялася ў вайсковае ліхагоддзе. У 1941 годзе, у пачатку Вялікай Айчыннай вайны, храм апынуўся на лініі агню. Яркія залатыя купалы царквы служылі добрай мішэнню для фашысцкіх захопнікаў. Каб паслабіць прыцэльны агонь варожай авіяцыі і артылерыі, камандзіры Чырвонай арміі прынялі рашэнне падарваць храм.

Доўга супрацівілася разбурэнню асвячоная царква, тройчы спрабавалі падарваць дыхтоўныя сцены. Так да канца і не атрымалі поспех. Купалы зваліліся, а паранены храм заставаўся стаяць, часткова разбураны.

Што не зрабіла вайна, закончыў пасляваенны абяздолены час. Людзям трэба было аднаўляць жыццё, а таму храм разабралі на будматэрыялы.

1990-я гады. Для многіх храмаў гэты час азначаецца вяртаннем да жыцця. Адраджаўся і Жлобінскі Свята-Траецкі прыход. У 1992 годзе яго настаяцелем стаў 33-летні протаіерэй Васіль Піліпенка. Нягледзячы на малады ўзрост, гэта быў бывалы чалавек, які прайшоў вайну ў Афганістане, дасведчаны пастыр-падзвіжнік. На яго рахунку ўжо лічыўся не адзін адноўлены храм.

Восенню 1992 года быў закладзены камень пад будаванне новай царквы практычна на месцы старой, разбуранай у 1941 годзе.

Складаны «перабудоўны» час на пераломе эпох, час усеагульнага дэфіцыту і згалення не абяцаў лёгкай і хуткай рэалізацыі затратнага праекта. І ўсё ж царква была адноўлена за кароткія 3 гады. Фінансавы ўдзел прадпрыемстваў, добраахвотныя ахвяраванні прыватных асоб нямала спрыялі гэтаму. Адным словам, храм аднаўлялі ўсім светам.

Добрае распачынанне завяршылася поспехам. У 1995 годзе адбылося асвячэнне храма. У ім узяў удзел Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Філарэт. Найсвяцейшы Патрыярх Алексій II адзначыў будаўнікоў храма высокімі царкоўнымі ўзнагародамі, протаіерэя Васіля Піліпенкі ўзнагародзіў мітрай.

Жыве і дзее царква Святой Жываначальнай Тройцы ў Жлобіне. Адпраўляюцца службы, расце духоўнасць паствы, працягваецца стварэнне храмавага комплексу. Тут, акрамя першапачатковай пабудовы, ужо ўзнялася вежа-званіца, выдатныя вароты, пачалі працаваць нядзельная школа і школа іканапіснага малярства.

Шматпакутная царква жыве новы перыяд, ён будзе доўгім і мірным. Таму што духоўнае нельга разбураць, яго можна ствараць, цешыцца і жыць з ім. Паглядзіце на гэты храм, адчуйце яго атмасферу, успомніце горкія старонкі яго гісторыі - зразумееце самі.

Карта месцазнаходжаньня

загрузка карты...

Зварот да спісу