Траецкі касцёл у вёсцы Ішчална

Ішчэлна

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Касцёл Святой Тройцы ў Ішчална (Шчучынскі раён) вядомы не толькі сваёй вытанчанай архітэктурай і багатым інтэр'ерам, але і тым, што на яго тэрыторыі знаходзяцца адзіныя ў Беларусі сонечныя гадзіны. Дзеючыя! Гэта трэба абавязкова ўбачыць. І зверыць час...

Шведы і новы касцёл

Касцёл быў заснаваны ў мястэчку 30 красавіка 1515 года падкамор’ем ВКЛ Андрэем Давойнай. Гэта быў драўляны храм, на ўтрыманне якога Давойна ахвяраваў частку сваёй спадчыны.

Падчас Паўночнай вайны ў Ішчална пабывалі шведы і, паводле захаваных дакументаў, разбілі касцельныя званы. Пацярпеў і сам будынак, яго прыйшлося перабудоўваць.

Новы цагляны касцёл з'явіўся ў 1761 годзе (па іншых звестках – у 1758-м, будаўніцтва пачалося ў 1755) стараннямі гарадзенскага харужага Язэпа Вала. Каменны храм узвялі на тым жа месцы, дзе стаяў драўляны. Больш таго, новы касцёл меў прыкладна такія ж памеры і сістэму алтароў, як і ранейшы. Каменны касцёл захаваўся да нашых дзён. 

5 фактаў з гісторыі касцёла 

  • У 1780-я гады ў парафіі адкрылі школу для дзяцей мясцовай шляхты, але неўзабаве зачынілі, так як мясцовыя дваране не гарэлі жаданнем аддаваць туды сваіх атожылкаў. У канцы XVIII стагоддзя тут дзейнічаў шпіталь для бедных і прытулак для жабракоў. А новая школа пры касцёле была адкрыта толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

  • Настаяцелем храма ў 1801-1834 гадах быў ксёндз Алекс Кнікоўскі. За тое, што ў сваіх пропаведзях ён згадваў Напалеонаўскія войны, царскія ўлады саслалі яго салдатам у Маскву.

  • У 1821 годзе касцёл абрабавалі. Невядомы рабаўнік забраў усе срэбныя рэчы і нават алавяныя аклады з абразоў.

  • У час паўстання 1863 года ў касцёле служыў вядомы ксёндз Адам Фалькоўскі. Тут, з кафедры, ён агучыў для вернікаў Маніфест народнага ўрада. Па даносе аднаго з жыхароў быў арыштаваны. Фалькоўскага расстралялі ў Лідзе 25 чэрвеня 1863 года.

  • Перад I Сусветнай вайной парафія Святой Тройцы ў Ішчална налічвала амаль 4,5 тыс. вернікаў каталікоў.

Асаблівасці архітэктуры 

Аднанефны, двухвежавы з пяціграннай апсідай каменны храм у стылі позняга барока. Кампазіцыйная дамінанта – галоўны фасад. Квадратныя вежы выступаюць з асноўнага аб'ёму, маюць шлемавіднае завяршэнне.

Бакавыя фасады завяршаюцца карнізам, а ў верхняй частцы раздзеленыя двума радамі лучкавых вокнаў. У інтэр'еры 3 алтары і амбон у стылі ракако. Галоўны алтар – 2-ярусны, упрыгожаны ляпнінай. Бакавыя алтары увенчаны скульптурнымі кампазіцыямі.

У касцёле захаваўся старажытны арган на дзевяць галасоў працы Вацлава Бернадскага. У двары знаходзіцца вежа-званіца (XIX стагоддзе) і сонечныя гадзіны.

Сонечныя гадзіны ў двары касцёла ў Ішчална

Унікальная прылада для вызначэння часу па сонцы знаходзіцца на паўднёвым баку касцельнага двара. Гарызантальныя сонечныя гадзіны былі выкананы ў Вільні ў XVIII стагоддзі майстрам Малецкім. У той час ужо існавалі механічныя гадзіны, але час яны паказвалі з вялікімі хібнасцямі.

Гадзіны ў Ішчална дзейнічаюць, але трохкутная стрэлка, цень ад якой адкідывалася на медны цыферблат (гравіроўка), ужо зламаная. Яе верхні кут накіраваны на Палярную зорку. Цыферблат ўбудаваны ў каменны пастамент вышынёй 1 метр і выкананы са строгімі патрабаваннямі канкрэтнай геаграфічнай шыраты (у выпадку Ішчална - 54*41"2').

Натуральна, каб даведацца дакладны сонечны час па такім гадзінам можна толькі ў светлы час сутак. Цікава, што ў XVIII стагоддзі такія сонечныя гадзіны выраблялі толькі для вялікіх еўрапейскіх сталіц – Варшавы, Вільні, Парыжа і г. д. Гэта кажа пра многае...

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу