Тэатр лялек у Гомелі

Гомель

Тэатры

Ці любіце вы тэатр так, як яго любяць у Гомелі? Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек – як, ніколі не былі? Ды вы ж пазбавілі сябе ўнікальнага задавальнення!

Уявіце сабе: звычайна тэатр пачынаецца з вешалкі, а гэты з падыходу, пешаходнай зоны каля тэатра. Тут усталявана тэатральная тумба традыцыйнага выгляду, пры ўваходзе размешчаны скульптуры герояў казкі пра Бураціна. Хто, як не яны, ведаюць, што за палогам, кулісамі пачынаецца казка, сцэна, музыка. Там, у тэатры, расказваюць і паказваюць гісторыі для дзяцей - маленькіх і дарослых. Там лялькамі кіруюць не жорсткія, а добрыя і таленавітыя лялькаводы і мастакі, рэжысёры і аўтары п'ес. Часам яны таксама апранаюць сцэнічныя касцюмы і бяруць удзел у паказе. Чароўны свет.

І ўсё гэта для гледача. Зручная зала, спектаклі, частка з якіх дэманстравалася на лепшых сцэнах у краіне і за мяжой, прыносячы тэатру дыпломы лаўрэатаў, прэміі, прызнанне і любоў гледачоў. Напрыклад, «Дар ляснога цара», «Дзед і журавель», «Кветка папараці», «Сабачае сэрца», «Тарцюф», «Вішнёвы сад», «Памінальная малітва».

Гэты тэатр існуе ў Гомелі з 1963 года. Спачатку ў яго не было сваёй сцэны, трупа і лялькі працавалі пры драматычным тэатры. У 2002 годзе ім быў аддадзены будынак былога Палаца культуры. Цяпер гэта іх дом, тут праходзіць таемства стварэння спектакля. Будынак вясёлы, утульны, прывабны, глядзельная зала ўмяшчальнасцю 214 месцаў.

Але трупа тэатра не сядзіць на месцы. Геаграфія іх гастроляў шырокая. За гады існавання тэатра - больш за 60 - на розных сцэнах пастаўлена больш за 200 п'ес.

З 1994 года ў межах акцыі «Тэатр – дзецям Чарнобыля» Гомельскі тэатр лялек штогод дае больш за 50 прадстаўленняў дзецям, якія жывуць на тэрыторыях, пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі.

Ля вытокаў працы тэатра стаіць рэжысёр В. Чарняеў, звыш за 20 гадоў доўжылася яго кіраўніцтва. У сярэдзіне 1980-х гадоў галоўным рэжысёрам стаў У. Матрос. Яго прыход адзначыўся тым, што рэпертуар Гомельскага тэатра лялек стаў больш разнастайным, у ім сталі паўнапраўна прысутнічаць творы беларускіх драматургаў. Самы яркі такі спектакль - «Хай не змаўкае жаўрук» паводле п'есы А. Вольскага. Лялькі для яго вырабляліся з саломкі. Апладыравалі пастаноўцы тэатралы многіх краін, ёй дарылі свае сімпатыі гледачы і патрабавальнае журы на розных тэатральных фестывалях.

А ці ведаеце вы, што такое тэатральныя лялькі? Іх ствараюць мастакі і аўтары п'ес разам. Задумка аўтара, характар твора, творчы стыль мастака, яго асоба, яго бачанне свету, майстэрства - усё гэта зліваецца разам, і атрымліваюцца лялькі. Яны розныя, іх твары выяўляюць смутак ці радасць, легкадумства ці чуллівую пяшчоту. Але гэта і не проста застылыя маскі, яны рухаюцца, на іх падае святло, іх атачаюць дэкарацыі, іх характар інтэрпрэтуецца гледачом. І лялькі пачынаюць жыць, прыўносячы ў спектакль штосьці сваё, што існуе асобна ад іх стваральнікаў. Штосьці «звыш» - гэты твор мастацтва.

Каб стаць сведкам «ажывання» лялек, трэба ісці ў лялечны тэатр. Жыхары Гомеля і госці горада ведаюць гэта, спяшаюцца туды. Статыстыка кажа, што па наведвальнасці Гомельскі тэатр лялек займае першае месца ў вобласці сярод тэатральна-відовішчных і забаўляльных устаноў.

Але слухайце! На фасадзе будынка тэатра, высока на франтоне, усталяваны гадзіннік. Пакуль вы чыталі гэты тэкст, стрэлкі падышлі да часу... да самага лепшага часу - пачатку паказу. Хутчэй туды, а то чароўная казка пачнецца без вас! Нельга гэта дапусціць. Тым больш, што мы вас папярэдзілі.

 

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу

Прапануем

, Гомель , Беларусь
  • Адлегласць да аэрапорта: 314 km
, Гомель , Беларусь
  • Адлегласць да аэрапорта: 315 km
, Гомель , Беларусь
  • Адлегласць да аэрапорта: 315 km