Свята-Іаанаўскі манастыр у вёсцы Карма

Корма

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Свята-Іаанаўскі манастыр у вёсцы Карма быў адкрыты зусім нядаўна, толькі ў 2000 годзе, але яго гісторыя пачалася яшчэ ў далёкім XVIII стагоддзі. Яна цесна звязана з гісторыяй Свята-Пакроўскай царквы, якая раней існавала ў гэтай жа вёсцы. У 2000 годзе было вырашана зрабіць манастыр пры Свята-Пакроўскам прыходзе і назваць яго ў гонар Іаана Кармянскага.

Пра гісторыю стварэння манастыра сярод мясцовых жыхароў ходзіць цікавая легенда. Кажуць, што некалі прыходзіла ў вёску блажэнная Еўфрасіння. Яна хадзіла па хатах мясцовых жыхароў і прасіла міласціну. Падчас гэтага яна паказвала на пустое месца і казала, што толькі тут трэба будаваць царкву, таму што калісьці даўно яна ўжо тут была. Было гэта ў часы савецкай улады. Мясцовыя жыхары смяяліся над ёй, выганялі з хаты, кажучы пры гэтым, што царквы тут ніколі не было і няма, і ўжо тым больш, савецкая ўлада пабудаваць яе ніколі не дазволіць.

Калі гэта гісторыя пераходзіла з вуснаў у вусны, гісторыкі зацікавіліся ёй. І апынулася, што на самой справе царква на гэтым месцы ў вёсцы была. У 1760 годзе была пабудавана драўляная царква ў гонар Покрыва Найсвятой Багародзіцы. Але з цягам часу яна стала трухлявай і непрыдатнай для правядзення набажэнстваў. Было вырашана яе знесці, а на тым жа месцы пачаць будаванне новага каменнага храма. Аднак пратаіерэй не дазволіў будаваць манастыр на гэтым жа месцы. Ён сказаў настаяцелю храма, каб той правёў тры дня ў малітвах, і Бог сам пакажа яму, дзе пачаць будоўлю. І сапраўды, усе вернікі сталі маліцца, і праз тры дні на пагорку ў вёсцы самі па сабе загарэліся свечкі. На гэтым месцы і было пачата будаўніцтва.

У 1926 годзе храм быў зачынены, а яго будынак выкарыстоўваўся як збожжасховішча, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны – як шпіталь. Аднак Багародзіца абараніла свой прыстанак.

Прайшоў час, і ў 1991 годзе ў Карму былі прывезены на вечнае захоўванне мошчы праведніка Іаана Кармянскага. З гэтага моманту праца храма была адноўлена.

Спачатку ў манастыры жылі толькі дзве манашкі: Феадосія і Сергія. Феадосія помніла Іаана Кармянскага яшчэ тады, калі была зусім маленькім дзіцём. Памерла яна толькі ў 2006 годзе ва ўзросце 100 гадоў. Да таго моманту, калі Іаана Кармянскага вырашылі кананізаваць, у манастыры жылі ўжо некалькі паслушніц. Іх колькасць павялічвалася, яны пачалі з'язджацца ў Карму з розных куткоў Беларусі.

Цяпер у манастыры жывуць больш за дзесяць сясцёр, а настаяльніцай храма з'яўляецца ігумення Сафія. Яны праводзяць розныя набажэнствы, па царкоўных канонах святкуюць праваслаўныя святы, а таксама займаюцца валанцёрскай дзейнасцю: дапамагаюць інтэрнату для састарэлых людзей і бальніцы ў суседняй вёсцы.

У гэтым храме ёсць вялікія святыні: каўчэг з часціцамі мошчаў угоднікаў Божых, цудатворныя абразы Божай Маці Уладзімірскай і Скорапаслушніца.

Усім, хто будзе праездам у гэтай вёсцы ці прыедзе на экскурсію, трэба наведаць гэты манастыр, нацешыцца яго спакойнай залагоджанай атмасферай. Выйдучы адтуль, вы сапраўды адчуеце неверагодную душэўную лёгкасць.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу