Спаса-Праабражэнская царква ў вёсцы Язвінкі

Язвінкі

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Нябесна-блакітны храм у вёсцы Язвінкі Лунінецкага раёна прыцягвае ўвагу сваёй дагледжанасцю і прастатой. Уздоўж сцяжынкі, якая вядзе праз шырокі двор да драўлянай Спаса-Праабражэнскай царквы, ляжаць камяні з выбітымі на іх дзесяццю хрысціянскімі запаведзямі. Так што нават шлях да храма будзе мець для вас глыбокі сэнс…

«Язвіны» і Язвінкі 

У XVI-XVII стагоддзях навакольнымі землямі валодаў літоўскі падскарбій Мікалай Кішка. Менавіта ў сувязі з яго ўладаннямі ў 1613 годзе і было ўпершыню згаданае ў гістарычных дакументах сяло Язвінка.

Вёска атрымала сваю назву не таму, што яго жыхары былі занадта з'едлівымі ці валодалі здольнасцямі насылаць язвы на сваіх суседзяў. Проста на паўночным захадзе паселішча знаходзілася некалькі невялікіх балот, якія ў народзе зваліся «язвінкі». Ад гэтага і адбыліся «язвінкі».

Першую царкву ў Язвінках пабудавалі Шчыты

Узвядзенне ў Язвінках першага драўлянага храма звязана з прозвішчам дваранскага роду Шчыт-Няміровічаў. Напачатку XVIII стагоддзя сялом валодаў чашнік ВКЛ Кшыштаф Шчыт-Няміровіч, вядомы не толькі сваімі вайсковымі дасягненнямі, але і тым, што, па легендзе, укусіў за палец самаго Папу Рымскага падчас аўдыенцыі ў Ватыкане.

А вось усе патрэбныя грошы на будаванне Праабражэнскага храма ў Язвінках ахвяравалі яго сваякі Ян Шчыт-Няміровіч і яго жонка Людвіга, якія славіліся сваім мецэнацтвам.

Драўляная царква была пабудавана ў 1759 годзе. Згодна прыходскага летапісу, яна была «досыць моцнай». Прамавугольны будынак меў два купалы, адзін рад вокнаў без кратаў і гонтавы дах. У 1873 годзе ў інтэр'еры ўладкавалі новы разьбяны іканастас з калонамі.

Новы Спаса-Праабражэнскі храм

Як вынікае з прыходскай хронікі, першую царкву ў Язвінках разабралі ў 1909 годзе з-за яе старасці. А ўжо праз год, у 1910, была пабудавана новая і цяпер дзейная царква (рэтраспектыўна-рускі стыль).

Сродкі на яе будаўніцтва збіралі па ўсіх селах, што належалі прыходу. Былі і прыватныя ахвяраванні. Праект распрацоўваў мінскі архітэктар Віктар Струеў.

Іканастас для храма набылі ў Кіева-Пячэрскай Лаўры. 12 верасня асвяцілі крыжы, а 27 снежня асвячоны сам будынак храма.

Некалькі цікавых фактаў

Паводле дакументаў, прыход Свята-Праабражэнскай царквы ахвяраваў сродкі для жыхароў пацярпелага ад землятрусу вострава Занце (Закінтас) у Грэцыі.

Іканастас для новай царквы з Кіева-Пячэрскай лаўры абыйшоўся ў 700 царскіх рублёў.

У савецкі час храм неаднаразова хацелі зачыніць, але вернікі і святары адстаялі святыню. Яна ніколі не зачынялася, хоць і размяшчаецца на вуліцы Леніна.

У 2009 годзе прыход адзначыў свой 250-гадовы юбілей, а ў 2010 – стагоддзе з дня ўзвядзення новага будынка царквы. Набажэнства ўзначальваў сам Архібіскуп Пінскі і Лунінецкі Стэфан.

Царква ў нашы дні

Спаса-Праабражэнская царква ў Язвінках у апошнія гады некалькі разоў рэстаўравалася. У 1999 годзе ў царкве ўсталявалі кацёл для абагравання, у 2004 годзе быў узведзены будынак нядзельнай школы (да гэтага заняткі праходзілі ў хаце святара), у 2007-м да царквы падвялі паравое ацяпленне.

Царква ў вёсцы Язвінкі стала за гэты час не толькі духоўным, але і культурна-асветніцкім цэнтрам паселішча.

Настаяцелем царквы з'яўляецца іерэй і кандыдат багаслоўя Сяргей Чыж. Ён жа выконвае працу намесніка благачыннага па місіянерскай працы.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу