Сабор Святога Аляксандра Неўскага ў Пружанах

Пружаны

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Сабор у імя святога князя Аляксандра Неўскага стаіць у Пружанах на самым бачным месцы. Ён нагадвае светлы карабель, які плыве над ракой Мухавец, гарадскімі вулачкамі і ўсім светам. І славіцца гэты храм не толькі сваёй архітэктурай, але і цудамі, якія здзяйсняюцца пад яго купаламі.

 Будаўніцтва сабора: 6 фактаў

 1.       Рашэнне аб узвядзенні было прынята ў 1864 годзе на агульным сходзе павета. Будаваць вырашылі на гандлёвай плошчы. Праект распрацаваны архітэктарам Міхайлоўскім.

2.       Краевугольны камень будучай царквы заклалі ў Дзень св. Пятра і Паўла. Гэта зрабіў епіскап Брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі.

3.       Бясплатную цэглу на будаўнічую пляцоўку прывозілі з завода Швыкоўскага (вытворчасць была канфіскавана), а таксама бралі з недабудаванага каталіцкага касцёла.

4.       Грошы на будаўніцтва сабора ахвяравалі ў многіх расійскіх гарадах. У Пружанскім павеце з кожнага двара трэба было даць па 50 капеек, а таксама адправіць на адзін дзень мужчыну ў дапамогу будаўнікам.

5.       Эскіз іканастаса выканаў архітэктар Сычоў. Залацілі яго ў Санкт-Пецярбургу, там жа пісаліся іконы для яго (у Новадзявочым манастыры). Іканастас каштаваў каля 2,5 тысяч срэбных рублёў. На званіцы ўсталявалі 9 званоў.

6.       Храм 22 кастрычніка 1866 года асвяціў праасвяшчэнны Ігнацій, епіскап Брэсцкі. Сабор умяшчаў 700 чалавек.

І адбыўся цуд... 

9 красавіка 1934 года на адным з абразоў (Маці божая ў Галгофы), які знаходзіўся ў храме, з вачэй Божай Маці пацяклі слёзы. Духавенства прызнала гэты факт цудам (цудоўны знак).

Праз два тыдні «Пружанскай Божай Маці Плаксівай» пакланіўся архіепіскап Аляксандр Іназемцаў. Цяпер жыватворнай і цудадзейнай іконе маці Божай Пружанскай пакланяюцца тысячы вернікаў. Абраз працягвае тварыць цуды. 

Храм, які ніколі не закрываўся 

Цудам можна назваць і тое, што за 150-гадовую гісторыю сабор Аляксандра Неўскага ў Пружанах ніколі не зачыняўся – ні ў гады нямецкай акупацыі, ні ў часы ваяўнічага атэізму ў СССР. Хоць спробы і былі.

Так, напрыклад, пасля вайны мясцовыя ўлады хацелі пабудаваць побач з саборам на месцы царкоўных могілак пяціпавярховы жылы дом. Але вернікі абаранілі пагост і храм. Як толькі да царквы пад'язджалі экскаватары, вернікі пачыналі званіць ва ўсе дзевяць званоў сабора, склікаючы народ. Людзі літаральна клаліся пад бульдозеры. Ад праекта будаўніцтва пяціпавярхоўкі ў святым месцы прыйшлося адмовіцца. 

Асаблівасці архітэктуры 

·         Храм узведзены ў выглядзе карабля ў стылі позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з трох частак. Трохнефны  аб'ём пад двухсхільным дахам.

·         Шэсць квадратных слупоў падзяляюць залу на тры нефа. Уваходы падкрэслены франтонамі з трох бакоў.

·         Алтарная частка – паўкруглая ў плане. Яе верхні ярус – светлавы барабан пад купалам. Другі і трэці ярусы вырашаны ў выглядзе ратонды.

·         Сцены раскрапаваны пілястрамі. Арачныя праёмы вокнаў апраўленыя ліштвай.

 Сабор у найноўшай гісторыі 

Сабор у імя святога дабравернага Аляксандра Неўскага знаходзіцца ў цэнтры Пружанаў, на вуліцы, што носіць імя знакамітага беларускага кампазітара і дырыжора Рыгора Шырмы, які два гады (1923-1925) служыў рэгентам у пружанскім саборы.

У 1990 годзе будынак сабора быў адрамантаваны. У храме працуе нядзельная школа і дзейнічае сястрынства «Плач іконы». З 2006 года ў саборы знаходзіцца таксама часціца мошчаў святога Аляксандра Неўскага.

Настаяцелем Свята-Аляксандра-Неўскага сабора з'яўляецца іерэй Міхаіл Наско.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу

Прапануем

, Пружаны , Беларусь
  • Адлегласць да аэрапорта: 350 km