Сінагога ў Ружанах

Ружаны

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

Будынак былой сінагогі ў Ружанах (Брэсцкая вобласць) арганічна ўпісаны ў архітэктурны ансамбль старажытнага мястэчка рукой вядомага саксонскага дойліда Самуэля Бэкера. Гэты будынак мог стаць архітэктурнай жамчужынай, калі б не час, войны і забыццё... 

Бэкер у Ружанах

Сінагога ў Ружанах знаходзіцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У канцы XVIII стагоддзя яе разам з іншымі значнымі пабудовамі ў Ружанах узвёў саксонец Самуэль Бэкер – прыдворны архітэктар магнатаў Сапегаў. Гісторыкі архітэктуры называюць яго родапачынальнікам беларускага класіцызму. У Ружанах ён, па сутнасці, пабудаваў Сапегам ўвесь горад. 

Па праектах Бэкера былі ўзведзены Петрапаўлаўская царква і манастыр базільян, Ружанскі палац і Траецкі касцёл, а таксама іншыя будынкі, у тым ліку і вялікая сінагога ў Ружанах. Усе праекты геніяльнага саксонца аб'яднаны высакародным духам, выразнымі прапорцыямі і лаканічным дэкорам.

Ужо пазней недалёка ад сінагогі ў тым жа стылі быў узведзены будынак ешывы. 

Архітэктурныя нюансы сінагогі

• «Станіславаўскі класіцызм» (пазней барока на пераходзе да класіцызму).

• Стральчатыя вокны першага яруса спалучаюцца з высокімі арачнымі другога яруса.

• Вокны цэнтральнай часткі верхняга яруса збліжаныя.

• Уваход і аконныя праёмы несіметрычныя.

• Фасадны малюнак у выглядзе тонкіх дэкаратыўных арак. Шырокі карніз.

«Крывавы паклёп» у Ружанах

Цікава, што сінагогу пабудавалі па загадзе Сапегі ўсяго для 150 яўрэяў, якія пражывалі тут у тыя старадаўнія часы.

Першае згадванне аб яўрэйскай суполцы ў Ружанах адносіцца да 1623 года. А праз 24 гады ў валоданні Сапегаў ледзь не здарыўся пагром. У яўрэйскім квартале знайшлі мёртвае дзіця-хрысціяніна. Мясцовыя жыхары імгненна абвінавацілі ў забойстве іудзеяў і гатовыя былі учыніць крывавую расправу. Прыйшлося ўмяшацца самому ўладальніку Ружан Паўлу Яну Сапегу. Нягледзячы на высокае заступніцтва і судовае разбіральніцтва, якое не выявіла доказаў віны яўрэяў, хваляванні не сціхлі. Без ахвяр не абышлося. Былі забітыя двое кіраўнікоў абшчыны. 

Цэнтр яўрэйскай вучонасці

У 1897 годзе ў мястэчку пражывала амаль 3600 яўрэяў (71,7% жыхароў). 

У XVIII-XIX стагоддзях Ружаны лічыліся цэнтрам яўрэйскай вучонасці. У мястэчку дзейнічалі ешыбот, некалькі яўрэйскіх сярэдніх школ, пачатковая школа. Была створана нават яўрэйская тэатральная студыя. На той момант у горадзе было ўжо тры сінагогі. 

Выхадцамі з ружанскай яўрэйскай абшчыны былі такія знакамітыя асобы, як пісьменнік і педагог Іехіль Пінес (1843-1913), паэт Арон Любашыцкі (1874-1942) і былы прэм'ер-міністр Ізраіля Іцхак Шамір (1915-2012). Напэўна, усе яны наведвалі вялікую сінагогу ў родным мястэчку.

Ахвяры нацызму

Ружаны былі акупаваныя фашыстамі 24 чэрвеня 1941 года. Ужо з ліпеня пачаліся расстрэлы, а восенню нацысты стварылі гета, у якім знаходзіліся каля 4 тысяч чалавек. 

У 1942 годзе большую частку з іх этапамі адправілі ў канцлагер у Ваўкавыску, а затым – у лагер смерці Трэблінка. Многіх расстралялі ў Ружанах.

У чым асаблівая каштоўнасць сінагогі ў Ружанах?

1. У інтэр'еры сінагогі ацалелі фрагменты фрэсак XVIII стагоддзя. 

2. Захавалася біма – каменная кафедра з калонамі. З такіх ўзвышэнняў падчас набажэнства чыталі Тору і Кнігі прарокаў. 

На жаль, сінагога знаходзіцца цяпер у аварыйным стане. Зайсці ўнутр можна, але гэта небяспечна. Будынак стаіць на тэрыторыі мясцовай аўтабазы, а ў сінагогальным двары працуе аўтазаправачная станцыя. 

Ідэі і праекты пра аднаўленне архітэктурнага помніка застаюцца пакуль што толькі на паперы.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу