Помнік Высоцкаму ў Навагрудку

Навагрудак

Скульптуры, помнікі, мемарыялы

Улады маляўнічага беларускага гарадка Навагрудак актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем і нярэдка ўсталёўваюць тут новыя помнікі. Так, у 2012 годзе ў Наваградку з’явіўся помнік славутаму барду Уладзіміру Высоцкаму.

Старадаўні горад Навагрудак стаіць на ўзвышшы ў Гродзенскай вобласці. Калісьці горад быў адным з цэнтраў палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Зараз жа гэта невялікі ціхі гарадок з неперадавальнай атмасферай і захапляльнымі краявідамі. Пра слаўную даўніну нагадваюць турыстам і гасцям горада старыя будынкі і вулачкі. Але хапае тут і іншых выдатных мясцін.

У 1969 годзе сюды прыехаў здымаць фільм “Сыновья уходят в бой” славуты беларускі рэжысёр Віктар Тураў. Разам са здымачнай групай Навагрудак наведаў і Уладзімір Высоцкі. Удзел у здыманні стужкі ён не браў, але павінен быў напісаць для вядомага фільма некалькі песень.

Спачатку паэт і бард жыў у вёсцы Літоўка, што недалёка ад Наваградка. Як потым расказвала Марына Уладзі, якая прыязджала да Высоцкага, спаў ён на свежым сене ў адрыне, а песні пісаў уначы. Прычым на здымкі фільма Высоцкі прыехаў без аніякіх чарнавікоў, так што ўсе творы складаў ужывую, натхняючыся мясцовай прыгажосцю. Зранку паэт піў сырадой, папраўляў здароўе і атрымліваў асалоду ад вясковага жыцця. У Літоўцы ён знаходзіўся некалькі тыдняў.

Пазней Высоцкі і Марына Уладзі пераехалі ў Наваградак, дзе ў мясцовым гатэльчыку знялі двухпакаёвы люкс. Ужо пасля смерці паэта ягоныя паклоннікі спецыяльна браніравалі гэты нумар, каб правесці ноч на тым самым ложку, на якім спаў Уладзімір Высоцкі. Той самы нумар люкс захаваўся і з тых часоў амаль не змяніўся: маленькая гасціная і спальня з ложкамі савецкіх часоў.

Распавядаюць, што Высоцкі і ягоная сяброўка ладзілі частыя шпацыры на Замкавай гары, дыхалі чыстым паветрам, захапляліся краявідамі – мясцовымі круглымі азёрамі ды зялёнымі ўзгоркамі.   

І вельмі прыемна, калі ў маленькім гарадку праз шмат гадоў працягвае жыць памяць пра знакамітую постаць. Так, ураджэнец Навагрудка, адзін з паклоннікаў творчасці Уладзіміра Высоцкага, прапанаваў гораду бюст паэта. Калісьці, шмат гадоў таму, ён атрымаў гэты бюст на свой дзень нараджэння. Мужчына прапанаваў усталяваць помнік за свой кошт, каб аддаць даніну павагі паэту і музыканту, які гасціў у горадзе больш за сорак гадоў таму.

І гарадскія ўлады пайшлі насустрач. Помнік усталявалі 11 лістапада 2012 года на вуліцы Савецкай. Вакол бюста быў нават створаны невялічкі сквер, каб гараджане маглі ў ім сустракацца і спяваць пад гітару песні Высоцкага. Бюст усталяваны на каменным пастаменце. Высоцкі трымае гітару, ягоны позірк накіраваны удалячынь. Шмат чаго яшчэ хочацца сказаць і спець. Як жа многа ўсяго было не зроблена і колькі не спета…

Высоцкі быў і застаецца кумірам для тысяч людзей па ўсім свеце. Ягоныя песні ведаюць, спяваюць і любяць у розных кутках нашай краіны і за яе межамі. Паэт пабываў у розных краінах – у ЗША, Канадзе, Мексіцы і нават на Таіці. Але паўплывала на ягоную творчасць і прыгажосць беларускай прыроды, беларускіх мястэчак. І выдатна, што помнікі, прысвечаныя барду, з’яўляюцца нават у нашых маленькіх гарадах. Навагрудак у гэтым сэнсе – вельмі яскравы прыклад.

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу