Музей Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына

Мікалаеўшчына

Музеі, дамы-музеі

Беларуская зямля нарадзіла і выхавала шмат таленавітых людзей, якія дасягнулі творчых вяршынь у розных галінах навукі, культуры і мастацтва. Адзін з найвыдатнейшых – пісьменнік і легенда беларускай літаратуры Якуб Колас. Ягонае сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч. У розныя гады жыцця беларускі класік быў узнагароджаны званнямі акадэміка Акадэміі Навук БССР і заслужанага дзеяча навук БССР. Дзякуючы сваім літаратурным творам, Якуб Колас набыў вялікую папулярнасць і шматлікую армію чытачоў па ўсім свеце.  

Канстанцін Міцкевіч нарадзіўся ў невялікай вёсцы Акінчыцы Мінскай губерніі ў сям’і лесніка. Пасля заканчэння народнай школы будучы паэт накіраваўся ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Так склаўся лёс, што, пасля яе заканчэння, ён паехаў працаваць настаўнікам на Піншчыну, дзе яго дагэтуль памятаюць і любяць. У 1906 годзе выйшаў першы коласаўскі верш “Наш родны край”, які быў надрукаваны ў беларускай газеце “Наша доля”. Пасля гэтага паэт аж на тры гады трапляе ў турму за тое, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы забароненага ўладамі настаўніцкага з’езду.

У 1912 годзе, пасля вызвалення, Колас зноў вяртаецца ў Пінск, каб працаваць настаўнікам. Але ўжо ў 1915-м быў вымушаны пакінуць радзіму, некаторы час працаваў настаўнікам у Расіі. У тым жа годзе маладога Коласа забралі ў войска. Пасля звальнення, у 1921 годзе, Якуб Колас пераязджае ў Мінск. З гэтага моманту і пачынаецца актыўная творчая і навуковая дзейнасць будучага беларускага класіка.  

Музей-сядзіба пісьменніка ў Мікалаеўшчыне ўяўляе сабой чатыры мемарыяльныя комплексы. Смольня – гэта сядзібны дом, які калісьці быў маёнткам Міцкевічаў. Сям’я паэта жыла тут з 1910 года. Сядзібныя пабудовы складаюцца з жылога будынку, некалькіх гаспадарчых памяшканняў, а таксама студні. Тут можна таксама пабачыць велічныя ліпы, якія руплівай рукой высаджваў сам пясняр.

У Акінчыцах прадстаўлены дом, дзе нарадзіўся і пражыў некалькі гадоў Канстанцін Міцкевіч. Калісьці гэта была зусім невялічкая сяліба, якая потым разраслася і паступова ператварылася ў вёску. Якуб Колас жыў тут разам з сям’ёй усяго тры гады – з 1881-га па 1883 год.

Мемарыяльны комплекс Альбуць – гэта таксама сядзіба, якая зараз знаходзіцца у пяці кіламетрах ад Сталбцоў. Напрыканцы XIX стагоддзя гэты дом уяўляў з сябе звычайную леснічоўку, дзе побач з бацькамі праводзіў сваё дзяцінства будучы паэт і пісьменнік. І месца гэта было вельмі прыгожым і маляўнічым. Менавіта адсюль хлопчык штодзень накіроўваўся ў Мікалаеўскае вучылішча. Тут быў створаны першы верш будучага аўтара “Новай зямлі”.

Нарэшце, у 12 кіламетрах ад Мікалаеўшчыны знаходзіцца чацвёрты комплекс сядзібы-музея Якуба Коласа. У Ластоку – яшчэ адной лесніковай сядзібе – Канстанцін сталеў і пачынаў выяўляць свой надзвычайны талент. Зараз тут стаіць дом, адноўлены ўсе гаспадарчыя пабудовы, што да яго прылягаюць.

Наведаць гэтыя мясціны будзе вельмі цікава ўсім тым, хто любіць сапраўдную літаратуру і хто хоць крыху знаёмы з творчасцю выдатнага беларускага дзеяча сваёй эпохі. Дарэчы, час ад часу тут праводзяць выязныя ўрокі беларускай літаратуры, якія дазваляюць, як кажуць, ужывую паглыбіцца ў вывучэнне жыцця і творчасці беларускага песняра Якуба Коласа.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу