Музей праса ў Гродна

Гродна

Музеі, дома-музеі

У Беларусі існуе унікальны музей, у выставачных залах якога экспануюцца рарытэтныя прасы! Усе яны маюць розныя памеры і вагу, а таксама адрозніваюцца па сваім прызначэнні. Самыя маленькія – для карунак, вялікія і цяжкія – для тоўстых тканін. Ёсць прылады з вельмі вытанчаным дызайнам, а ёсць і грубаватыя. Маюцца драўляныя і латунныя прасы, ёсць прыстасаванні, што працуюць на газе альбо спірце – чаго тут толькі не ўбачыш. Свае старыя прасы прыносілі ў музей і жыхары Гродна. 

Штогод выстава папаўняецца новымі экспанатамі. Кожны калекцыянер хоча “пахваліцца” сваімі унікальнымі прадметамі даўніны, таму з задавальненнем аддае іх на выставу. Паводле словаў стваральніка гэтага незвычайнага музея Аляксандра Шпакоўскага, прасы для экспазіцыі збіраліся ледзь не па ўсіх кутках зямнога шара. Некаторыя прылады спецыяльна прывезлі з Амерыкі, Азіі ды Еўропы.

Усе мы прызвычаіліся бачыць прасы з крыху завостранымі носікамі. Таму ў наведвальнікаў музея ўзнікае цалкам натуральнае зддзіўленне, калі яны бачаць прас у форме патэльні. Між іншым, гэта звычайнае англійскае прыстасаванне для разгладжвання адзення: у гэтую патэльню раней насыпалі гарачых вугалёў і пасля награвання прасавалі без усялякіх праблем. Цікавасць таксама выклікае экзэмпляр з Індыі, якім, дарэчы, карыстаюцца дагэтуль. Гэты “невялікі” прас важыць цэлых 15 кілаграмаў, а бывае, што і больш – да 25 кг. Нядзіўна, што прасаваннем адзення ў Індыі займаюцца выключна мужчыны.  

Пра слабую палову чалавецтва найперш паклапаціліся еўрапейцы, якія стварылі больш лёгкія прасы. Раней вялікім поспехам ў модніц карысталіся карункі і іншыя тонкія тканіны. Іх таксама трэба было прасаваць. З гэтай мэтай і былі створаны мініятурныя прасы, якія былі здольныя разгладзіць нават самыя тонкія складкі. Побач з гэтымі міні-прасамі можна пабачыць і сур’ёзныя спіртавыя прылады, якімі карысталіся амерыканцы. Прынцып быў такі: перад прасаваннем усярэдзіну залівалі спірт, падпальвалі яго і чакалі, пакуль прыстасаванне нагрэецца, а пасля – прасавалі. Цікава, што ў некаторых штатах такія спіртавыя прылады не прыжыліся, бо дзе-нідзе палічылі гэткае выкарыстанне спірытусу немэтазгодным  “пераводам прадукту”.  

А вось ангельскія прасы XIX стагоддзя былі вельмі небяспечнымі. Справа ў тым, што, каб яны запрацавалі, трэба было падвесці да іх гумовы шланг ад газаправоду. Гэткім чынам стваралася гарэлка. У выніку гэтыя небяспечныя прылады часта рабіліся прычынамі пажараў. І урэшце рэшт ад такіх канструкцый адмовіліся.  

Калі казаць пра першы электрычны прас, дык ён быў створаны ў Амерыцы ў 1882 годзе. Але замест спіраляў у ім выкарыстоўвалі электрычныя дугі, якія даволі часта білі хатніх гаспадынь токам. У некалькіх выпадках – нават насмерць. Аднак сама ідэя была вельмі цікавай і перспектыўнай, таму навукоўцы і вынаходнікі дбайна і ўпарта дапрацоўвалі першую мадэль электрапраса. І дасягнулі ў гэтай справе поспехаў. Адна з мадыфікацый і стала правобразам сучасных маделяў, з якімі мы маем справы і ў XXI стагоддзі.

Акрамя таго, што наведвальнікам прапануюць пабачыць “жывую” гісторыю прасавання, у Гродзенскім музеі можна і самім узяць у рукі самыя незвычайныя прылады ды адчуць, як яны дзейнічаюць на практыцы. Напрыклад, даведацца, як працуе драўляны прас, што размякчае ільняную тканіну. Тым больш, што ён зусім не падобны да сучаснага праса: усяго толькі валок ды рабрыстая дошка. І як толькі з дапамогай гэтай прылады людзі маглі рабіць адзенне роўным ды гладкім?..

Абавязкова зазірніце як-небудзь у музей праса – вы сапраўды будзеце прыемна здзіўлены. Такога ў Беларусі больш нідзе не знойдзеш!

Карта месцазнаходжаньня


Зварот да спісу

Прапануем

, Гродна , Беларусь
  • Адлегласць да аэрапорта: 319 km
, Гродна , Беларусь
  • Адлегласць да аэрапорта: 320 km