Краязнаўчы музей у Добрушы

Добруш

Музеі, дома-музеі

Найбольш поўнае ўяўленне пра гісторыю і культуру Добрушскага краю вы атрымаеце ў раённым краязнаўчым музеі. Тут можна палюбавацца старадаўнімі рушнікамі, старажытнымі абразамі, маляўнічымі палотнамі, а таксама ўбачыць працоўны стол класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна.

Краязнаўчы музей у Добрушы - адзін з самых маладых у Беларусі. Заснавалі яго толькі ў 2002 годзе, а першыя наведвальнікі змаглі ацаніць музейныя экспазіцыі ў 2007 годзе.

Гісторыя музейнага будынка

Музей размясціўся ў будынку былога вучылішча для дзяцей супрацоўнікаў Добрушскай папяровай фабрыкі. У 1904 годзе гэтую навучальную ўстанову на ўласныя сродкі адкрыла княгіня Ірына Паскевіч (Паскевічы валодалі Добрушам з 1834 года).

Двухкласнае пачатковае вучылішча было разлічана на 200 дзяцей. На жаль, праз 5 гадоў пасля заснавання ў вучылішчы здарыўся пажар. Будынак згарэў. На яго аднаўленне княгіня ахвяравала яшчэ 1,5 тысячы рублёў. Быў узведзены новы аднапавярховы мураваны будынак. У адным з яго крылаў знаходзіліся навучальныя пакоі, у іншым - музычныя класы.

 Пазней, у 1910 годзе, тут адкрылі і рамесныя класы. У далейшым яны перараслі ў фабрычна-тэхнічнае вучылішча. Сам будынак з'яўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX стагоддзя.

Адкрыццё Добрушскага краязнаўчага музея

Музей адкрылі летам 2007 года пасля заканчэння рэканструкцыі будынка. У гэты дзень музейныя фонды папоўніліся працай знакамітага савецкага жывапісца Ільі Глазунова «Партрэт Андрэя Грамыкi з жонкай». Раней карціна была часткай калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Былы міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка - ураджэнец Гомельшчыны.

Музею падарылі таксама графічныя творы беларускіх мастакоў Арлена Кашкурэвіча, Наталлі і Георгія Паплаўскіх, Алены Лось і іншых.

Што можна пабачыць у Добрушскім краязнаўчым музеі?

У музеі налічваецца больш за 9000 музейных экспанатаў. Агульная плошча экспазіцый складае каля 215 м2.

Пастаянна дзейнічаюць пяць экспазіцый:

1. «Найстаражытнае мінулае краю». Экспазіцыя распавядае пра этнаграфічныя і археалагічныя знаходкi ў Добрушскім раёне. Сярод прадметаў - мясцовыя іконы пачатку XIX стагоддзя і аўтэнтычныя добрушскiя тканыя паясы.

2. «Ад промыслаў да прамысловасці». Экспазіцыя распавядае аб прамысловай гісторыі краю. У свой час тут дзейнічала парусінавая мануфактура, медзеплавiльная фабрыка, фарфоравы завод. У 1872 годзе адкрылася знакамітая папяровая фабрыка пад назвай «Герой працы». Сярод экспанатаў - маятнік гадзінніка канца XIX стагоддзя, часткі завадскога абсталявання, фатаграфіі, карты.

3. «Гісторыя народнай адукацыі». Прадметы распавядаюць аб адкрыцці першых школ на Добрушчыне і дзейнасці вядомых педагогаў - пісьменніка Івана Шамякіна і першага сакратара ЦК КП Беларусі Ціхана Кісялёва. Прадстаўлены некаторыя асабістыя рэчы Івана Шамякіна.

4. «Добрушскі фарфор». Займальнае апавяданне пра гісторыю фарфоравага завода ў Добрушы.

5. «Добрушчына партызанская».

У музеі таксама працуе галерэя Уладзіміра Пракапцова (адкрыта ў 2008 годзе), дзе праходзяць выставы экспанатаў з фондаў Нацыянальнага музея.

Месца знаходжання:

Раённы краязнаўчы музей знаходзіцца на вуліцы князя Паскевіча, 1 у Добрушы.
Краязнаўчы музей прымае наведвальнікаў шэсць дзён на тыдзень, акрамя панядзелка. Час працы - з 8.30 да 17.30 (абедзенны перапынак - з 13.00 да 14.00).

Карта месцазнаходжаньня

загрузка карты...

Зварот да спісу