Касцёл кармелітаў у Вялікай Бераставіцы

Вялікая Бярэставіца

Цэрквы, касцёлы, саборы, манастыры

У Гродзенскай вобласці за некалькі кіламетраў ад Польшчы знаходзiцца невялічкае мястэчка пад назвай Вялікая Бераставіца. Менавіта тут размяшчаецца ўнікальная архітэктурная пабудова - касцёл кармелітаў, які быў пабудаваны яшчэ ў XVII стагоддзі.

У 1495 годзе ў Бераставіцы была заснавана каталіцкая парафія. Славуты князь Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Ягелончык у 1506 годзе ў якасці ўзнагароды за заслугі перад Радзімай перадае Бераставіцу і некалькі бліжэйшых маёнткаў Аляксандру Хадкевічу. Менавіта яго нашчадкі былі ўладальнікамі гэтых мясцiн на працягу доўгага часу. У 1549 годзе ў Бераставіцы пачынаецца будаўніцтва багатай шляхецкай сядзібы.

У 1613 годзе Бераставіца была мястэчкам. У гэты час тут знаходзіўся драўляны касцёл, які, на жаль, быў спалены падчас Лівонскай вайны. Праз два гады Еранім Хадкевіч ахвяраваў сродкі на будаўніцтва комплексу, які складаўся з кляштара кармелiтаў і драўлянага касцёла пры iм. У хуткiм часе царква была перабудавана, а для яе ўзвядзення было вырашана выкарыстоўваць больш доўгатэрміновы матэрыял - камень. У вынiку  гэта правiльнае рашэнне стала лёсавызначальным. Менавіта па гэтай прычыне нашчадкі i сёння могуць убачыць царкву Наведвання Панны Марыі, якая датуецца XVII стагоддзем.

У XVII-XVIII стагоддзях гэтай зямлёй па чарзе валодалі шляхціцы Мнішкі, Патоцкія і Касакоўскiя. Тады ж каля касцёла ўзвялі царкоўную школу і шпіталь. XVIII стагоддзе стала для касцёла вельмі ўдалым, калi некаторыя падзеі ўславілі каталіцкую святыню далёка за межамі Бераставіцы. Гэта адбылося дзякуючы таму, што ў пачатку XVIII стагоддзя ў бераставіцкі храм з Рудавы перавезлі цудатворны абраз Божай Маці, якая, на думку многіх вернікаў, мела гаючыя ўласцівасці. На жаль, праз некаторы час абраз бясследна знік. Цяпер яго лёс нікому не вядомы. Аднак гэтая сумная падзея не змагла паламаць дух вернікаў.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя Бераставіцы было падаравана Магдэбургскае права, у выніку чаго на гандлёвай плошчы вёскі пабудавалі ратушу. Касцёл кармелітаў заставаўся дзеючым яшчэ да пачатку XX стагоддзя, аднак пасля прыходу савецкай улады ён прыйшоў у заняпад. Да гэтага часу яго рэстаўрацыяй ніхто не займаецца, нягледзячы на тое, што касцёл лічыцца самым манументальным помнікам у вёсцы. У XVIII стагоддзі святыня перабудоўвалася. Цяпер яна выглядае як яскравае адлюстраванне раннебарочнага стылю з некаторай ноткай брутальнасці.

Мясцовыя паданні кажуць, што ў будынку касцёла пахавана цела выдатнага палкаводца Яна Караля Хадкевіча, якое пакладзена ў спецыяльны саркафаг. Менавіта яго прадуманыя ваенныя стратэгіі прынеслі перамогу над туркамі ў Хоцінскай «бітве народаў» у 1621 годзе, у выніку чаго быў развеяны міф аб непераможнасці Асманскай імперыі.

Гісторыя Вялікай Бераставіцы памятае яшчэ адзін цікавы і крыху незвычайны факт. Мясцовыя жыхары прымалi актыўны ўдзел у знакамітым польскім паўстанні Кастуся Каліноўскага. Маюцца меркаванні, што менавіта ў падвальных пакоях касцёла кармелітаў былі выдадзены першыя нумары «Мужыцкай праўды». Па гэтай прычыне пасля задушэння паўстання касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным вернікам. У савецкія часы ў памяшканнях касцёла знаходзіўся мэблевы магазін і склад.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу