Грамадзяне 80 краiнаў могуць прыязджаць у Беларусь без вiзы

10.01.2017 Мінск

Дакументам устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш як 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную граніцу Нацыянальны аэрапорт Мінск для грамадзян 80 дзяржаў.

У першую чаргу, гэта добранадзейныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі і дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўстанавілі бязвізавы рэжым у адносінах да беларускіх грамадзян.

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець: 

  • дзеючы пашпарт або іншы дакумент, які яго замяняе, для выезду за мяжу, 
  • грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм базавым велічыням),
  • медыцынскі страхавы поліс на суму не менш як 10 тыс. еўра, што дзейнічае ў Беларусі.
Для грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з'яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу дзеючай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 5 дзён з даты ўезду.

Парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі (гэтыя рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).

Дакумент уступае ў сілу ў лютым 2017.

Зварот да спісу