Чыгуначная станцыя ў Асіповічах

Цяжка сабе ўявіць актыўнае і хуткае развіццё гарадоў без дарог і камунікацый. Усе ведаюць пра найбуйнейшы і старажытны гандлёвы шлях “З варагаў у грэкі”, які злучаў паміж сабой сотні гарадоў і мноства краін. Узгадаем таксама і брукаваную Рымскую дарогу, якая захавалася да нашых дзён з XV стагоддзя і выклікае зараз вялікую цікавасць у гісторыкаў і турыстаў.

А падчас войнаў ключавое значэнне ў паспяховых выніках бітваў мела чыгунка. Гэта пацвярджаюць падзеі Другой Сусветнай вайны. Дзякуючы чыгуначным пуцям савецкія ўлады маглі забяспечваць Чырвоную армію боепрыпасамі і харчаваннем, дастаўляючы іх у любую кропку Беларусі.  

Многія чыгуначныя станцыі, якія былі пабудаваны ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, сёння з’яўляюцца каштоўнымі архітэктурнымі помнікамі. Адна з іх – чыгуначная станцыя ў Асіповічах Магілёўскай вобласці. Будынак чыгуначнай станцыі – помнік архітэктуры XX стагоддзя. Пабудаваны ён быў на чыгуначнай ветцы Раслаўль-Крычаў-Магілёў-Асіповічы, якая пачала дзейнічаць у 1931 годзе. 

Гэты амаль што стогадовы будынак мае няпросты лёс. Менавіта на асіповіцкім чыгуначным вузле адбылася найбуйнейшая ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сухапутная транспартная дыверсія. Тады, у самы разгар бітвы за Магілёўскую вобласць, мясцовым партызанам удалося знішчыць цэлых чатыры эшалоны з нямецкімі боепрыпасамі, палівам і ваеннай тэхнікай. Гэты гераічны ўчынак зрабіў вялікі ўплыў на вынікі далейшых баявых дзеянняў.

Ужо пад канец Вялікай Айчыннай вайны, калі нямецкія войскі адступалі, яны намагаліся нанесці як мага большыя страты беларускім гарадам, у тым ліку і чыгуначным вузлам. Не выключэннем была і станцыя ў Асіповічах, дзе фашысты цалкам знішчылі  ўсе аб’екты чыгуначнай гаспадаркі. Акурат з іх аднаўлення і пачаў адбудоўвацца вызвалены горад.

У 1956 годзе было скончана маштабнае будаўніцтва новай станцыі. Для мясцовых жыхароў гэта стала вялікай падзеяй, бо адноўленая чыгунка значна палепшыла ўзровень абслугоўвання і павялічыла эфектыўнасць пасажырскіх перавозак. Праз некалькі гадоў на гэтай чыгуначнай кропцы ўсталявалі гучнагаварыцель і стварылі спецыялізаваную паўаўтаматычную блакіроўку са святлафорамі. Прыкладна ў той жа час пабудавалі і пешаходны мост праз чыгуначнае палатно.

Знамянальным для станцыі Асіповічы выдаўся 1989 год: у гэты час у вагонным дэпо ўвялі ў эксплуатацыю комплекс для забеспячэння капітальнага рамонту шматтанажных кантэйнераў. Дарэчы, гэты комплекс быў адным з самых буйных  на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза.   

Сёння ад помніка архітэктуры – чыгуначнай станцыі ў Асіповічах, засталіся толькі адміністратыўны будынак, лакаматыўнае дэпо і некалькі службовых карпусоў. Частка з гэтых пабудоў была ўзведзена яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя, таму яны выклікаюць вялікую цікавасць у тых, хто па-сапраўднаму цікавіцца гісторыяй айчыннай чыгункі.