Будынак бровара «Багемія» ў Мінску

Гісторыя будынка па вуліцы Багдановіча, 39 у Мінску пачынаецца 28 студзеня 1864 года. Гэтым днём датуецца зварот мінскай мяшчанкі Рохлі Фрумкінавай да Аляксандра II. У ім яна просіць у цара дазволу на пабудову драўлянай хаты, прызначанай для прамысловага піваварства. Будаўніцтва было дазволена, а прадпрымальніца на працягу двух дзясяткаў гадоў паспяхова вяла свой бізнес. Пасля смерці ўладальніцы завод перайшоў купцам Арону і Нехаву Баруховым-Фрумкінавым. Пры іх вытворчасць піва вялася на 800 тысяч літраў у год. Завод абзавёўся адным уласным рухавіком і трыма дзясяткамі працоўных. Аднак абавязкі новых уладальнікаў прымусілі іх прадаць будынак і свой піваварны бізнес.

У жніўні 1893 года завод набыў губернатар Мінска граф Карл Эмерыкавіч Чапскі. Ёсць дакументы, паводле якіх граф Чапскі заплаціў Арону і Нехаву 32 тысячы рублёў срэбрам. Новы ўладальнік перайменаваў завод, і ён стаў звацца «Паравы піваварны завод «Багемія» графа Чапскага». Праз год Чапскі прымае рашэнне пабудаваць новы каменны будынак для завода, а стары драўляны скарыстаць як склеп. Новы корпус быў злучаны са старым адмысловым трубаводам, які служыў для транспартавання зваранага піўнога сусла на працэс закісання і паспявання ў склепе.

Аднак навіны на гэтым не скончыліся. Поспех у вытворчасці піва на заводзе быў забяспечаны дзякуючы новаму паравому катлу і паравому рухавіку, а таксама сучаснаму абсталяванню і правядзенню электрычнасці. Усерасійская мастацкая выстава, якая прайшла ў Ніжнім Ноўгарадзе ў 1896 годзе, прысудзіла прадукцыі завода графа Чапскага медаль і пахвальную грамату.

Праз тры гады губернатар Мінска па стане здароўя ўжо не мог займацца заводам, і ў 1899 годзе «Багемія» пераходзіць у валоданне сям'і Лекерт. Варта адзначыць, што кіраўніку сям'і Францу Лекерту ўжо прыналежалі бровары ў Магілёве і Гомелі. Заводам Лекерта пасля смерці дырэктара кіравала ўдава Франца і яго сыны. Лекерты паднялі піваварны бізнес на новы ўзровень, бо, маючы чатыры вагоны-ледавікі, маглі перапраўляць сваю прадукцыю ў Бабруйск, Брэст, Гародню і нават у Літву. Былы завод Чапскага належаў сям'і Лекерт аж да 1917 года.

Пасля 1917 года завод быў канфіскаваны ў законных уладальнікаў і перайшоў на апякунства дзяржавы, атрымаўшы назву «Піваварны завод «Беларусь». З 1923 па 1925 гады была праведзена яго рэканструкцыя, таксама пашырылася вытворчасць.

Падчас Другой сусветнай вайны завод перайшоў да немцаў. Прадукцыя «Brauerei Minsk», як яго назвалі акупанты, прызначалася толькі для нямецкіх салдатаў. Гісторыкі кажуць, што на заводзе ў якасці працоўных дзейнічалі групы падпольшчыкаў. Імі былі арганізаваны дыверсіі на вытворчасці, распаўсюджваліся антыфашысцкія лістоўкі, а таксама падсыпаўся яд у піва.

Пасля вайны, у 1957 годзе, на заводзе была наладжана вытворчасць мінеральнай вады. У 1994 годзе адбылося яго пераўтварэнне ў ААТ «Аліварыя». У 2011 годзе кантрольны пакет акцый быў набыты кампаніяй «Carlsberg Group».

На сённяшні дзень будынак бровара мае складаную форму. Галоўны фасад трохкорпуснага будынка асіметрычны, дэкарыраваны лапаткамі і карнізамі. Вокны маюць прамавугольную форму, у схілах дахаў рознага ўзроўню прадугледжаны люкарны.

Піваварны завод «Аліварыя» захоўвае стогадовыя традыцыі вытворчасці піва, мае багатае гістарычнае мінулае і служыць добрым прыкладам, які дэманструе высокую якасць беларускіх прадуктаў.