Будынак абутковай фабрыкі Цытвара ў Мінску

Будынак абутковай фабрыкі Цытвару ў Мінску збудаваны ў XIX стагоддзі. Раней вуліца, на якой знаходзілася фабрыка, звалася Аляксандраўскай. Цяпер будынак мае адрас: вуліца Багдановіча, 15.

Уладальнікам абутковай фабрыкі быў М. Цытвар, якім у 1871 годзе спачатку была адкрыта шавецкая майстэрня. Прадпрымальнік набываў у мясцовых рамеснікаў нарыхтоўкі, з якіх у майстэрнях шыўся абутак. У 1913 годзе яго майстэрня перайшла на вялікія аб'ёмы вытворчасці і таму атрымала статус абутковай фабрыкі. Колькасць працоўных узрасла да 40 чалавек. Уладальнік абутковай фабрыкі набыў для вытворчасці рухавік, які па тых часах з'яўляўся вельмі дарагім абсталяваннем. Абарот бізнесу Цытвара за 1913 год склаў 55 тысяч рублёў.

Аднак росквіт абутковай фабрыкі Цытвара скончыўся з прыходам савецкай улады. У 1917 годзе будынак быў канфіскаваны ў законнага ўладальніка, а сам Цытвар як ахвяра рэпрэсій савецкага рэжыму быў сасланы ў Варкуту, дзе памёр на лагерных рудніках.

Займальным фактам з'яўляецца тое, што яўрэйскае прозвішча Цытвар мае беларускія карані. Вядома, што слова «Цытвар» паходзіць ад назвы вёскі Цытва, па усім бачна, той самай, якая знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.

Будынак абутковай фабрыкі ўяўляе сабою тры невялікія дамы, якія маюць адзіны план сіметрычнай кампазіцыі і адзіны дваровы фасад. Такім чынам, галоўны фасад падзелены на тры часткі, якія шчыльна прылягаюць адна да адной. Першыя два памяшканні двухпавярховыя, трэцяе мае тры паверхі. Уздоўж ўсіх трох фасадаў ідзе гарызантальны карніз. Другія паверхі бакавых будынкаў маюць лучковыя коны ў простых ліштвах. Некаторыя з іх дапоўнены таксама лучковымі сандрыкамі. Трохпавярховая частка будынка падзелена прамавугольнымі вокнамі на першым паверсе, на другім паверсе ў акон ёсць ліштвы з сандрыкамі. Цэнтр сіметрычнага дваровага фасада вылучаны неглыбокімі рызалітамі з плоскімі лапаткамі на кутах і ступеньчатым атыкам. Бакавыя рызаліты дваровага фасада завершаны трохвугольнымі франтонамі з паўкруглымі вокнамі. На другім паверсе будынка была драўляная галерэя, на якую вяла лесвіца.

У наш час будынак былой абутковай фабрыкі Цытвара знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Траецкае прадмесце». Усё ў ім прасякнута духам даўніны і заклікана нагадваць цяперашняму пакаленню пра падзеі мінулых гадоў.

Пад дахам будынка па вуліцы Багдановіча, 15 размясціўся Музей гісторыі беларускай літаратуры, які быў заснаваны ў 1987 годзе. Музей мае больш за 50 тысяч экспанатаў, сярод якіх рукапісы, фатаграфіі і асабістыя рэчы беларускіх пісьменнікаў. Першы паверх музея прысвечаны жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў Васіля Быкава і Максіма Танка. Другі паверх будынка займае экспазіцыя, што расказвае пра пісьменніц, паэтак і гісторыю беларускай калыскавай песні. Акрамя гэтага, Музей гісторыі беларускай літаратуры вядзе актыўную навуковую дзейнасць.