Сядзібны дом у пасёлку Вярэйкі

Сядзібны комплекс у Вярэйках (Ваўкавыскі раён) прыцягвае турыстаў не толькі сваёй архітэктурай, але і асаблівай атмасферай таемнасці. З сядзібай і паркам у некаторым родзе звязаны любоўныя і дэтэктыўныя гісторыі, што адбываліся з уладальнікамі вёскі ў XVIII-XX стагоддзях.

Каму належала сядзіба ў Вярэйках

Мясцовыя краязнаўцы разглядаюць дзве версіі паходжання сядзібнага дома ў Вярэйках.

Паводле адной з іх, сядзіба была пабудавана ў мястэчку толькі ў 1929 годзе і належала аднаму з арандатараў маёнтка. Захаваліся нават дакументы, якія сведчаць аб тым, што ў гэты час тут арандаваў угоддзе нейкі пан Ельскі. Але ў хуткім часе яго замяніў памешчык Ядзайскi, які, хутчэй за ўсё, і пабудаваў дом у Вярэйках. Пасля рэвалюцыі 1917 года сядзібу аддалі мясцоваму саўгасу. Зараз у аднапавярховым будынку былой сядзібы размяшчаецца адміністрацыя РСКУП «Ваўкавыскае».

Другая версія звязвае паходжанне сядзібы з гісторыяй роду Бiспiнгаў, якія валодалі Вярэйкамі. Мяркуюць, што сядзібны комплекс пабудавалі прыкладна ў адзін і той жа час з касцёлам (1830), а таксама што сядзіба выконвала функцыі плябаніі (жылля для святара). А пасля таго, як храм быў перададзены Праваслаўнай царкве (1865), Бiспiнгi перабудавалі сядзібны дом пад сябе.

Магчыма, сядзіба мела дачыненне да тых дзіўных падзей, якія адбываліся з Бiспiнгамi ў розны час.

Тры любоўныя гісторыі

Адной сваёй атмасферай Вярэйкі схiляюць да палкай закаханасці. Нават назва вёскі адсылае да любоўнай легенды. Згодна ёй, закаханы юнак Тэй патануў падчас купання ў мясцовай рацэ. Цела так і не знайшлі, і дзяўчына, якую абагаўляў гэты хлопец, дні напралёт праводзіла ў слязах на беразе. Верыла, што каханы вернецца. Менавіта таму і назвалі раку Вератэйкай, а сяло - Вярэйкі.

Ці звязана імя Тэй з імем Тэадор, невядома. Але ў XVIII стагоддзі Вярэйкамi валодалі каталікі Юзэф і Тэадора Бiспiнгi. Іх дачка Аляксандра выйшла замуж з-за палкага кахання за праваслаўнага памешчыка Аляксандра Светчына (дазвол на змешаны шлюб даў сам Ватыкан), які пачаў будаваць у Вярэйках храм, але ў 1838 годзе памёр. Для якой канфесіі будавалася царква, не зразумела (маюцца супярэчлівыя дакументы). Але пасля смерці мужа ўдава перерабiла храм у каталіцкі касцёл. Магчыма, у гэты час з'явілася і плябанія для ксяндзоў.

Яшчэ адзін прадстаўнік вярэйкаўскiх Бiспiнгаў Аляксандр быў моцна закаханы ў дачку гродзенскага губернатара. Каб дабіцца яе рукі, ён абяцаў прыняць праваслаўе. Падрыхтаваў нават усе дакументы, але зноў атрымаў рэзкую адмову. Губернатарская дачка не хацела выходзіць за «перабежчыка». Ад роспачы Аляксандр Бiспiнг застрэліўся...

Дэтэктыўная гісторыя       

А вось пра барона Яна Бiспiнга пісала ў свой час нават «Нью-Йорк Таймс». Ян аказаўся галоўным падазроным у рэзананснай справе аб забойстве князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага, якое адбылося ў 1913 годзе ў Варшаве. У той пагiбельны дзень Бiспiнг гасцяваў у князя, і той праводзiў яго да станцыі…

Суд не валодаў доказамі віны Бiспiнга, але ў доме падазронага знайшлі нібыта фальшывыя вэксалі за подпісам забітага. Барона прызналі вінаватым і асудзілі на 4 гады. Але праз 10 дзён ён ужо разгульваў на волі. Яго жонка, княгіня Замойская, за яго свабоду аддала на той час шалёныя грошы - 100 тысяч рублёў. Цікава, што барон Бiспiнг усё астатняе жыццё спрабаваў абскардзіць прыгавор. Нарэшце, у 1928 годзе яму гэта ўдалося. Якую ролю тут адыгралi грошы – ужо i не скажаш.