Сядзіба «Лушчыкі» ў гарадскім мястэчку Свір

Свір – гарадское мястэчка, размешчанае ў Мядзелскім раёне на Міншчыне, у самым маляўнічым месцы на беразе аднайменнага возера. Яно знаходзіцца ў 45 км да захаду ад Мядзела і ў 180 км ад Мінска. 26 км адлучае яго ад чыгуначнай станцыі Лынтупы. Акрамя таго, мясцовасць славіцца дастаткам славутасцяў, сярод якіх асаблівую цікавасць уяўляюць касцёл Святога Мікалая, Успенская стараверская царква і костніца, збудаваныя ў XIX стагоддзі, і, вядоома ж, выдатна захаваны сядзібна-паркавы комплекс Ахрэнаўскіх пачатку XX стагоддзя.

Гісторыя мястэчка

Свір прайшоў доўгі і цяжкі шлях станаўлення. Існуе паданне, што паўстала селішча яшчэ ў XIII стагоддзі, што робіць Свір адным з найстаражытнейшых мястэчак Мядзелшчыны. Заснаваў яго князь Даўмонт на месцы язычніцкага свяцілішча, прысвечанага Перуну. Да 1528 года ім валодалі князі Свірскія, потым – Радзівілы. Характэрны Свір яшчэ і тым, што ў 1579 годзе тут ужо была пабудавана рэзідэнцыя, у якой прывячалі караля Польшчы Стэфана Баторыя.

Далейшы лёс мястэчка складаўся цалкам тыпова для кожнага іншага населенага пункта Беларусі. Пасля ВКЛ – у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля распаду польскай дзяржавы, з 1795 года, Свір увайшоў у склад Расійскай імперыі. Па выніках Першай сусветнай вайны – цэнтр гміны Свянцянскага павета Віленскага ваяводства (тэрыторыя Польшчы). З 1939 – вёска ў складзе тэрыторый БССР. Падчас ВАВ тры гады знаходзілася ў акупацыі, была вызвалена 6 ліпеня 1944 года. У 1958 годзе атрымала статус гарадскога мястэчка.

Палац у стылі мадэрн

Палац і прылеглыя да яго тэрыторыі звычайна адносяць да Свіры, хоць размяшчаецца ён у двух кіламетрах усходней. Сядзібны дом, што з'яўляецца па традыцыі цэнтрам кампазіцыі комплексу, знаходзіцца на вяршыні невялікага ўзвышэння з выраўнаванай вяршыняй. Будынак збудаваны з цэглы, мае два паверхі. У планаванні чаргуецца некалькі складаных аб'ёмаў, якія падкрэслены кантрасным белым рустам. Самым маляўнічым і выдзяляючымся ва ўсім абліччы будынка з'яўляецца бакавы аб'ём, выкананы ў выглядзе вежкі, што мае шатровы дах з люкарнамі. На бакавых фасадах размешчаы фігурныя шчыты і гаўбцы, упрыгожаныя ажурнымі агароджамі. Вокны таксама адрозніваюцца стрыманым, але прыгожым дэкорам – сандрыкамі і франтонамі. У жылых пакоях захаваліся выкладзеныя кафляй печкі.

Да дома вялі адразу дзве пад'язныя дарогі. Цікавасць уяўляе пад'язная пляцоўка, што мае форму не кола, як было прынята, а авала. Яе фармавалі насаджэнні бэзу і біручыны звычайнай па вонкавым і ўнутраным перыметрах адпаведна. Асноўная алеі, сфармаваныя з клёнаў, была крыху ссунута па восі. Уздоўж другіх алейй, сфармаваных з алешыны, размяшчаліся пладовыя сады, у іх, у сваю чаргу, быў свой невялікі вадаём.

На захадзе, ззаду сядзібы, размяшчаўся парк. Схіл пакрываў маляўнічы газон, па краях якога, для падкрэслення восі сіметрыі ўсёй паркавай кампазіцыі, размяшчаліся тыповыя для нашага клімату ліпы, клёны, ясені, дубы. Злева ад дома знаходзілася лядоўня, не захаваная да нашага часу, бо па прычыне старасці яе разабралі пад канец мінулага стагоддзя. Аднак захаваўся іншы гаспадарчы будынак, збудаваны, як і сам палац, з чырвонай цэглы.

Цяперашні лёс помніка архітэктуры

Вандраванне ў гарадское мястэчка Свір уключана ў многія турыстычныя маршруты, і нездарма, бо будынак выдатна захаваўся. Акрамя таго, яно выкарыстоўваецца ў якасці медычнай установы – у яго сценах размяшчаецца псіханеўралагічная лякарня.