Сядзіба Бароўскіх у вёсцы Лукавец

Вёска Лукавец знаходзіцца ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці.

Напачатку XIX стагоддзя мястэчка Лукавец прыналежала Шумскім. У XIX стагоддзі Брыгіта Шумская пачала фармаваць сядзібу. Было вырашана, што пабудавана яна будзе ў распаўсюджаным стылі таго часу – класіцызм. Брыгіта Шумская вырашыла пакінуць памяць пра сябе нашчадкам, таму на кароўніку, стайні, свірне былі выбіты яе ініцыялы, якія захаваліся дагэтуль.

Праз некаторы час Шумская вырашыла падарыць сваю сядзібу Аляксандру Бароўскаму. Пазней гэты маёнтак перайшоў Івану Бароўскаму, ён і стаў апошнім яго ўладальнікам.

Па існуючых гістарычных дакументах, у 1905 годзе сядзіба пакутавала ад вялікага пажару. Таму Бароўскім давялося шмат што перарабіць, аднавіць. Яны вырашылі замяніць многія драўляныя будынкі і агароджы на каменныя, але агульнае планаванне сядзібы было захавана.

Сядзіба змесцавана на ўзвышшы, значную тэрыторыю яе паўночна-усходняй часткі займаюць тэрасы. Агульная тэрыторыя сядзібы разам з гаспадарчымі пабудовамі, паркам і садам займае плошчу каля 18 гектараў. Планавальны грунт складаюць дзве падоўжныя алеі, якія злучаюцца бакавымі, тым самым падзяляючы сядзібу на прастакутныя баскеты. На сённяшні дзень добра праглядаюцца тры з іх. З усходняга боку парк пачынаўся ліпавымі прысадамі. Сярод дрэў былі дуб, ліпа, ёлка і канадская таполя. Адна з алей адлучала паркавую зону ад гаспадарчых пабудоў.

Пасля пажару ўсе будынкі былі заменены на каменныя, але сама сядзіба засталася драўлянай і складалася ўсяго з аднаго паверха. Сядзібная хата разам з гаспадарчымі пабудовамі складала замкнёнае кола. Парадны заезд у сядзібу знаходзіўся з усходняга боку.

На дадзены момант ад хаты на тэрыторыі ацалелі толькі скляпы. А вось лядоўня, стайня, свірны ўяўляюцца наведвальнікам толькі як руіны, што напамінаюць пра тое, што некалі тут была велізарная прыгожая сядзіба.

У адным з куткоў разбуранай агароджы захавалася дзіўная на сённяшні дзень капліца-вежачка. Ёсць версія, што ў гэтай каплічцы вісеў абраз Божай Маці, а ўлетку там высаджваліся прыгожыя рэдкія кветкі. Капліца служыла таксама і архітэктурным упрыгожваннем сядзібы.

Панскія кароўнікі, якія былі абноўлены ўжо ў наш час, дзеюць і цяпер па прызначэнні. Парк захаваўся не цалкам, ацалела толькі частка, але турысты змогуць убачыць унікальныя дрэвы і расліны, якія захаваліся яшчэ з часоў Бароўскіх.

Увесь двор сядзібы быў аточаны агароджай з камянёў. На жаль, да сённяшняга дня яна не захавалася.

Ёсць яшчэ думка, што на тэрыторыі сядзібы ёсць курган, які быў насыпаны падчас вайны са шведамі. Аднак яго мэтавае прызначэнне невядома дагэтуль.

Нягледзячы на тое, што сядзіба не захавалася, і ўсе пабудовы ў руінах, турыстам цікава бываць тут, каб прачуць дух таго часу.