Сядзіба Бохвіцаў у вёсцы Паўлінава

Сядзіба Бохвіцаў у вёсцы Паўлінава — выбітны помнік архітэктуры Беларусі. Нават нягледзячы на тое, што цяпер ён уяўляе сабою руіны, выглядае будынак вельмі цікава (нездарма мы расказвалі пра яго ў артыкуле пра самыя цікавыя закінутыя сядзібы Беларусі). Акрамя таго, гісторыя яго ўзнікнення вельмі цікавая, і сёння VETLIVA раскажа вам пра яе падрабязней.

Гісторыя дынастыі Бохвіцаў і іх фамільнай рэзідэнцыі

Да 1897 года маёнткам валодалі Навіцкія. Затым яго набыў Ян Атан Бохвіц — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў дынастыі, сын пісьменніка Флориана Бохвица.

Цікавы факт ад VETLIVA: назвы валадарстваў шляхецкага роду з’яўляюцца невыпадковымі. Маёнтак у Паўлінава названы ў гонар маці Яна — Паўліны. Была ў яго і яшчэ адна сядзіба ў Фляр’янава — селішча было названа ўжо ў гонар бацькі ўладальніка земляў.

Ян Бохвіц адрозніваўся яркім тэмпераментам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Ён браў удзел у паўстанні 1863-64 гадоў, за што ў выніку патрапіў у турму. Пасля вызвалення з Дынабургскай крэпасці ён актыўна заняўся ўладкаваннем сваіх валадарстваў. У нядаўна набытым Паўлінава ён у 1906 годзе закладвае раскошную сядзібу. Звычайна такія маштабныя праекты выконваліся на працягу некалькіх гадоў, аднак гэта сядзіба разам з броварам і комплексам іншых гаспадарчых пабудоў вырасла тут усяго за паўгода.

У 1915 годзе ўладальнікам маёнтка становіцца сын Яна Тадэвуш Атан. У 1930 сядзіба адышла да яго ўнука — Яна. Апошнім уладальнікам Паўлінава быў Фларыян Бохвіц, аж да 1939 года, калі Бохвіцам прыйшлося пакінуць гэтыя землі назаўжды. 

Цікавы факт ад VETLIVA: раскошны маёнтак любілі не толькі самі гаспадары сядзібы. Тут часта гасцявала сястра Тадэвуша Валерыя, якая была жонкай палкоўніка расійскіх войскаў Антонія Грынкевіча-Мачульскагв. У гісторыю сядзіба Бохвіцаў у Паўлінава ўвайшла і дзякуючы яшчэ аднаму вядомаму чалавеку: у 1909 годзе яе наведала знакамітая Эліза Ажэшка. Дарэчы, яна прыехала да Бохвіцаў ад Рэйтанаў, з іх маёнтка, размешчанага ў Грушаўцы.

У саракавыя гады мінулага стагоддзя ў будынку сядзібы размяшчаўся ваенны шпіталь,які быў скасаваны толькі ў 1995 годзе. З тых часоў сядзібу закінулі і далейшы яе лёс невядомы.

Апісанне сядзібы Бохвіцаў у Паўлінава

І савецкі, і постсавецкі час не лепшым чынам адбіліся на вонкавым абліччы помніка архітэктуры. Прыгожую чарапіцу замяніла ацынкаваная бляха, з дзвюх вежак захавалася толькі адна, нават тэраса не захавалася: цяпер пра яе нагадваюць толькі месцы, дзе ў былыя часы былі замацаваны бэлькі. Ад унутранага аздаблення нічога не засталося, паколькі інтэр'еры былі цалкам пераабсталяваны пад патрэбы шпіталя. Пра былую веліч нагадваюць толькі драўляныя дзверы цікавай спічастай формы.

Затое знешне сядзіба Бохвіцаў уражвае. Яна пабудавана на тэрасе над ракой Качарышкі. Архітэктурны стыль — неаготыка, менавіта таму будынак выглядае вельмі незвычайна. Сам будынак  мае прамавугольную форму, цэнтральны аб'ём і паўночнае крыло двухпавярховыя. Разыначкай сядзібы з'яўляецца парадны фасад з рызалітам, на якім адразу ж кідаюцца ў вочы слупкі і вежкі — быццам перад вамі паўстаў не шляхецкі маёнтак, а мініяцюрны замак (у Беларусі, дарэчы, іх нямала, і, прачытаўшы наш артыкул, вы ў гэтым пераканаецеся). Цікавы акцэнт зроблены на вокнах: на парадным фасадзе вы ўбачыце адно спічастае і два круглыя, на паўночным — тры гатычныя вокны, пад якімі размяшчаюцца звычайныя — прамавугольнай формы. 

У процівагу паўночнаму, паўднёвае крыло з'яўляецца аднапавярховым. Менавіта з яго знікла другая вежка.

Цікавы факт ад VETLIVA: у паўднёвай частцы маёнтка размяшчалася капліца, таму на вежцы ў свой час быў усталяваны крыж. 

Адпраўляючыся ў вандраванне па Брэстчыне, абавязкова ўключыце ў ваш маршрут Паўлінава. Цудоўная сядзіба хоць і выглядае закінутай, аднак абавязкова варта таго, каб быць захаванай на фатаграфіях. А калі вы не ведаеце, дзе яшчэ можна зрабіць файныя фатаграфіі ў Беларусі, VETLIVA з задавальненнем падзеліцца з вамі сваімі сакрэтамі.

Крыніца фота: https://commons.wikimedia.org/