Сядзіба Антановічаў-Чацвярцінскіх у Скідзелі

Сядзібны комплекс у Скідзелі – выдатнае месца для адпачынку і для таго, каб акунуцца ў атмасферу мінулага. У сядзібным парку кожнае дрэва мае сваю гісторыю, а выявы ўваходных вежаў патрапілі на гарадскі герб.

Парк, які раскінуўся ўздоўж ракі Скідзялянка, цяпер мае статус помніка прыроды. На вялікі жаль, сам сядзібны дом Чацвярцінскіх можна пабачыць цяпер толькі на фатаздымках. Дом быў знішчаны пажарам, які адбыўся ў 1920 годзе. Ён меў П-вобразную форму і размяшчаўся ў самай глыбіні парку.

Сцежка да сядзібнай хаты пралягала па заходняй частцы парку міма млына, які таксама не захаваўся. Млын стаяў на беразе рэчкі, што раздзяляла паркавую зону на некалькі частак. Пасля таго, як сядзібны дом згарэў, у якасці жылля гаспадары выкарыстоўвалі цагляны флігель у паўночнай частцы.

Тут таксама знаходзіўся вадаём, які запаўняўся рачной вадой праз падземны канал. Ён не толькі ўпрыгожваў ландшафт, але меў і гаспадарчае значэнне: уладальнікі сядзібы разводзілі ў ім рыбу.

На сёння ў былым сядзібным комплексе можна палюбавацца уязной брамай, неагатычным касцёлам Ушэсця Панны Марыі (былая радавая капліца Антановічаў-Чацвярцінскіх 1870 года пабудовы) і самім паркам.

Трохі аб Чацвярцінскіх

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. І ўжо ў верасні 1795 года Кацярына II падарыла Скідзель ўдаве князя Антонія Святаполка-Чацвярцінскага Калецце і яе сям'і.

Князь Антоній Чацвярцінскі быў вядомым палітыкам і кашталянам пшэмысльскім. Ён праславіўся сваім аратарскім майстэрствам і смелымі выступамі на шляхецкіх соймах. Выступаў супраць новай канстытуцыі Рэчы Паспалітай і паплаціўся за гэта. Летам 1794-га яго пакаралі смерцю як здрадніка.

Пасля яго смерці імператрыца Кацярына II узяла сям'ю пад асабістую апеку, падаравала ім Скідзель і 1500 душ. У пачатку XIX стагоддзя Чацвярцінскія пабудавалі ў Скідзелі сядзібу, і Калетта Чацвярцінская паказала сябе даволі жорсткай і ашчаднай гаспадыняй.

Парк Чацвярцінскіх

Уваход у паркавую зону аформлены ў выглядзе двух цагляных розных па вышыні вежаў (сімвал горада). Яны былі пабудаваны ў 1898 годзе і стылізаваныя пад неаготыку. Вежы маюць шаравобразные шпілі, стральчатыя праёмы і амбразуры-байніцы.

Сам парк заклалі ў канцы XIX стагоддзя. Ён займае тэрыторыю больш за чатыры гектары. Спланавалі яго такім чынам, што пейзажныя карціны раскрываюцца паступова. Іх складаюць невялікія групы дрэў і адзінкавыя экзатычныя расліны. З рэдкіх дрэў тут сустракаюцца, напрыклад, хвоя веймутава, шэры арэх, крапналістная ліпа і каралінская ліпа (вельмі рэдкая для Беларусі). Аснову ж пасадкі складаюць звыклыя для нас дрэвы – векавыя клёны, ліпы, ясені і грабы.

Акцэнт ракурсу ў планіроўцы быў зроблены на фамільную капліцу (касцёл), дзе былі пахаваны некаторыя прадстаўнікі гэтага славутага роду.

Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі

Неагатычны храм быў пабудаваны і асвячоны ў 1870 годзе. Касцёл выкананы з чырвонай цэглы. Дзве вежы завяршаюцца металічнымі крыжамі. Гэта аднанефны храм з трохбаковай алтарнай часткай. Столі ў інтэр'еры маюць форму зоркі. Перад уваходам размешчана тэраса з трынаццаццю прыступкамі.

Касцёл дзейнічаў да 1939 года. У канцы 1940-х гадоў у ім размяшчаўся мясцовы ваенкамат, а затым вадзіцельскія курсы. У 1991 годзе будынак касцёла вярнулі каталікам. Цяпер ён дзейнічае і належыць Гродзенскай дыяцэзіі. На сённяшні дзень гэты храм з'яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай мясцовага значэння.