Установа “ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНЫ МУЗЕЙ ЯНКІ КУПАЛЫ”

Рэспубліка Беларусь, 220030, г. Мінск, вул. Янкі Купалы, 4

Тэл./факс +375 17 327 78 66

E-mail: info@kupala-museum.by

Сайт: www.kupala-museum.by

Адзін з найстарэйшых літаратурных музеяў Беларусі, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы заснаваны 25.05.1944 г., адкрыты для наведвальнікаў 20.09.1945 г.

Экспазіцыя знаёміць з жыццём і творчасцю народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (1882-1942), яго роляй у гістарычным і культурным развіцці краіны. Выкарыстанне IT-тэхналогій пашырыла інфармацыйныя магчымасці экспазіцыі. Унікальным з’яўляецца ”Галаграфічны тэатр“ – праекцыя рухомай постаці Янкі Купалы, агучаная арыгінальным запісам голасу паэта.

Колькасць наведвальнікаў за 2018 год – 128462 чалавекі. Музей прапануе шырокі спектр паслуг, сярод якіх найбольшай папулярнасцю карыстаюцца экскурсіі, інтэрактыўныя праграмы і квэсты. Агульная колькасць адзінак захоўвання – 51823. Найбольш каштоўныя – аўтографы, прыжыццёвыя выданні і партрэты Янкі Купалы, фатаграфіі і асабістыя рэчы паэта і яго сям'і.

Штогод музей рэалізуе міжнародныя выставачныя праекты. Геаграфія супрацоўніцтва шырокая: Расія, Славакія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Грузія, Фінляндыя, Ізраіль, Францыя, Арменія.

Музей мае 4 філіялы. Старэйшыя – радзіма Янкі Купалы Вязынка і Ляўкі, дзе месцілася дача паэта, – маюць статус мемарыяльнага запаведніка. Мемарыялізаваны Акопы, дзе прайшлі самыя плённыя гады творчасці, і Яхімоўшчына, дзе былі напісаны вершы, што ўвайшлі ў першы зборнік “Жалейка”.